БЕЛ Ł РУС

У сям'і Уладзіміра Пуціна з'явілася Меланія

13.11.2026 / 11:28

Nashaniva.com

Дзяўчынка нарадзілася ў малодшай сястры Аліны Кабаевай.

У Лейсан Кабаевай, малодшай сястры каханкі Уладзіміра Пуціна Аліны Кабаевай, нарадзілася дачка па імені Меланія. Дзяўчынка з'явілася на свет 1 мая 2025 года, а яе бацькам пазначаны 28‑гадовы на той момант ураджэнец Кіславодска Карп Багян. Пра гэта сведчаць уцечкі звестак ЗАГСа, з якімі азнаёмілася «Агенцства».

Дзяўчынка нарадзілася ў Маскве, у Нацыянальным медыцынскім даследчым цэнтры акушэрства, гінекалогіі і перынаталогіі імя Кулакова. У гэтым жа цэнтры ў маі 2019 года нараджала і сама Аліна Кабаева — як мяркуецца, малодшага сына прэзідэнта Уладзіміра.

Ужо праз два дні пасля нараджэння Меланію зарэгістравалі ў ЗАГСе пры МФЦ раёна Канькова. У той жа дзень Карп Багян устанавіў бацькоўства — такая працэдура неабходная, калі бацькі не знаходзяцца ў шлюбе. У гэтым выпадку бацьку не ўпісваюць у пасведчанне аб нараджэнні аўтаматычна: для гэтага бацькі падаюць у ЗАГС сумесную заяву. Пасля яе падачы дзяўчынку запісалі на прозвішча бацькі — Меланія Карпаўна Багян. Звестак пра шлюб Кабаевай і Багяна ва ўцечках няма.

Звесткі пра нараджэнне дачкі Лейсан Кабаевай «Агенцтва» знайшло ў двух агрэгатарах уцечак. Акрамя запісаў ЗАГСа, дзяўчынка фігуруе ва ўцечцы базы пацыентаў адной з маскоўскіх медыцынскіх устаноў — з тым жа нумарам пасведчання аб нараджэнні і адрасам у кватэры яе маці.

Карп Багян нарадзіўся ў лістападзе 1996 года ў Кіславодску, там жа ён зарэгістраваны. Ён на дзесяць гадоў маладзейшы за Лейсан Кабаеву.

Школу скончыў у Маскве, у 2019 годзе атрымаў ступень бакалаўра па рэкламе і сувязях з грамадскасцю ў РЭУ імя Пляханава, а ў 2022‑м — ступень магістра па менеджменце ў пяцігорскім філіяле той жа ВНУ.

Уцечкі баз авіяперавозчыкаў паказваюць, што з лістапада 2022‑га па чэрвень 2023 года Лейсан Кабаева не менш за дзесяць разоў лятала ў Мінеральныя Воды — бліжэйшы да Кіславодска аэрапорт — і заставалася там ад некалькіх дзён да трох тыдняў. У тыя ж месяцы гэтым жа маршрутам рэгулярна лётаў і Багян.

Лейсан Кабаевай 40 гадоў, яна нарадзілася ў Ташкенце. Кіруе агенцтвам нерухомасці «Рэзерв-М».

З красавіка 2026 года таксама ўзначальвае піцерскае ААТ «Нова». Кампанія здае ў арэнду нежылую нерухомасць, а яе актывы на канец 2025 года склалі 226 млн рублёў. Уладальнікі кампаніі невядомыя, але да Ляйсан генеральным дырэктарам «Новы» была Кацярына Галавачова, стрыечная сястра Кабаевых.

У 2017—2018 гадах Лейсан лятала разам з сястрой на Мальдывы на бізнес-джэтах, высветліў «Праект», вывучыўшы ўцечку звестак памежнай службы ФСБ. У 2019 годзе малодшая сястра абранніцы прэзідэнта падарожнічала на прыватным самалёце ў Харватыю разам са сваёй маці і Святланай Паляковай, каханкай кіраўніка МЗС Расіі Сяргея Лаўрова.

Па супадзенні, праз некалькі месяцаў пасля нараджэння Меланіі Багян пра гэтае імя загаварыла генеральная дырэктарка тэлеканала ТНТ Ціна Кандэлакі. Яна ўзгадала, што ў 2000 годзе вырашыла так назваць сваю дачку і ўжо тады нібыта зрабіла гэта ў гонар будучай першай лэдзі ЗША Меланіі (тады Кнаўс, цяпер Трамп).

Незадоўга да родаў тэлевядучая, паводле яе слоў, глядзела конкурс прыгажосці, у якім удзельнічала Меланія. Пад уражаннем ад яе прыгажосці Кандэлакі і абрала імя для свайго будучага дзіцяці.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула