Прэс-сакратар Азарава, чыю машыну падарвалі ў Маскве, быў афіцэрам СЗР Расіі
ЗША называюць Сяргея Заваротнага афіцэрам Службы знешняй разведкі Расіі, задзейнічаным у аперацыях уплыву. Гэта пазначана ў дакладзе камітэта па разведцы Сената ЗША, заўважыў канал Exilenova+.
Згадка пра Заваротнага была ў даследаванні расійскага ўмяшання ў амерыканскія выбары 2016 года.
Аўтары пішуць, што ён быў прэс-сакратаром Мікалая Азарава як падчас яго працы прэм’ер-міністрам Украіны, так і пасля, калі той з Масквы абвясціў пра стварэнне «ўрада ў выгнанні». Заваротнага там называюць «афіцэрам СЗР, задзейнічаным у аперацыях уплыву».
У зносцы да гэтага фрагмента таксама пазначана яго сувязь з вайсковай часткай №33949, якую даклад звязвае з расійскай знешняй разведкай. Частка звестак, у тым ліку крыніца гэтай інфармацыі, у апублікаванай версіі закрытая чорнымі палосамі.
Там жа адзначаецца, што Заваротны выступаў у пракрамлёўскіх медыя ў Расіі і часта прасоўваў погляды і прыярытэты расійскага ўрада.
13 лістапада ў маскоўскім раёне Чартанава падарвалася Toyota Fortuner. Паводле тэлеграм-канала SHOT, аўтамабіль зарэгістраваны на Заваротнага. Машына выехала з двара і праехала каля 200 метраў па Кіраваградскай вуліцы, пасля чаго адбыўся выбух. Кіроўца выжыў, яго павезлі ў бальніцу.