Экскаватар ужо зносіць мінскую «Белую крэпасць» — адзіны прыватны дом сярод забудовы шматпавярховікаў ВІДЭА
«Гістарычны момант» — двухпавярховы катэдж 18 гадоў супраціўляўся зносу, пакуль вакол яго ўзводзілі шматпавярховікі ЖК «Аркадзія». Цяпер экскаватар разбірае дом.
Кадры зносу «Белай крэпасці» на вуліцы Экскаватарнай, 18, мінчукі публікуюць у Threads. Экскаватар ужо разабраў частку сцен і даху. У каментарах пішуць пра «канец эпохі».
Гісторыя супрацьстаяння пачалася ў 2008 годзе, калі кампанія «Тамбаз» стала зносіць прыватны сектар каля скрыжавання вуліц Багдановіча і Някрасава дзеля будаўніцтва ЖК «Аркадзія».
Большасць уладальнікаў пагадзіліся пераехаць у прапанаваныя кватэры. Гаспадар белага катэджа настойваў на раўнацэнным доме: ён лічыў ацэнку сваёй маёмасці заніжанай на 60%. У доме жылі восем чалавек — чатыры пакаленні сям’і.
У выніку катэдж апынуўся спачатку сярод катлаванаў, а потым — пасярод шматпавярховікаў. За белыя сцены і ўпартасць жыхароў яго празвалі «Белай крэпасцю».
Узамен сям’я атрымала двухкватэрны дом на Старажоўцы, але без аздаблення: унутры не было падлогі, дзвярэй і сантэхнікі, а ваду, электрычнасць і газ гаспадару давялося падводзіць за свой кошт.
Забудоўшчык абавязаўся выплаціць грошы замест аздобных прац, аднак сям’я іх так і не атрымала. Пазней «Тамбаз» збанкрутаваў, а «Аркадзію» дабудоўвала дзяржаўнае прадпрыемства — УКБ Савецкага раёна.
Стары катэдж перастаў належаць сям’і пасля афармлення новага, але людзі працягвалі там жыць. У сакавіку 2026 года іх прымусова выселілі паводле судовага рашэння. Падрабязна пра гэтую гісторыю расказваў Onliner.
Што цяпер будзе на месцы «Белай крэпасці», дакладна не вядома.