БЕЛ Ł РУС

Беларускі музей просіць дапамогі ў аднаўленні старадаўняга храма

13.11.2026 / 12:44

Nashaniva.com

Адзіны ў Беларусі скансэн, дзе захоўваюць старадаўнія дамы, млыны, школы і храмы з усёй краіны, шукае любыя звесткі для аднаўлення ўнутранага ўбрання амаль забытага помніка архітэктуры. 

Фота: etna.by

Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах узяўся за аднаўленне Свята-Троіцкай царквы з вёскі Вялец (Глыбоцкі раён), піша «Точка». 

Гэта аб'ект з вельмі складаным і амаль забытым лёсам, таму і працэс будзе няпростым.

У музеі просяць адгукнуцца тых, хто можа што-небудзь ведаць пра гэты храм. Важныя любыя звесткі.

«У 2026 годзе мы пачынаем вялікую і святую справу — аднаўленне Свята-Троіцкай царквы з вёскі Вялец (Глыбоцкі раён), якую ў народзе таксама звалі Старапарэцкай або Макавееўскай», — расказалі спецыялісты.

У XIX стагоддзі храм перанеслі туды з вёскі Буртулёўка, і на працягу многіх дзесяцігоддзяў пад яго скляпеннямі маліліся, хрысцілі дзяцей, вянчалі маладых і праводзілі родных у апошні шлях.

Царква з'яўляецца помнікам драўлянага дойлідства XVIII стагоддзя. У 1980‑я гады яе перавезлі з Вяльца ў Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту.

Вядома зусім мала

Сёння ад гэтага гістарычнага аб'екта засталіся толькі пустыя сцены. Звестак пра тое, якой царква была ўнутры, амаль няма. У архівах захаваліся толькі скупыя згадкі.

«Мы не ведаем, як выглядаў яе іканастас, якія абразы глядзелі на прыхаджан, хто з бацюшкаў, псаломшчыкаў і званароў аддаваў ёй сваё жыццё. Без гэтых дэталяў храм пры рэстаўрацыі рызыкуе застацца проста прыгожым зрубам — без сваёй сапраўднай, жывой душы», — адзначылі ў музеі.

Прадстаўнікі ўстановы актыўна супрацоўнічаюць з калегамі, пошукі інфармацыі працягваюцца.

У музеі звярнуліся да беларусаў, найперш да жыхароў Глыбоцкага раёна, з просьбай дапамагчы ў гэтай няпростай, але важнай справе, каб гісторыя царквы захавалася.

Якую інфармацыю шукаюць

Важнымі будуць любыя звесткі пра тое, якой была царква Святой Тройцы ўнутры.

Магчыма, нешта знойдзецца ў сямейных альбомах: патрэбныя старыя фотаздымкі (да 1950‑х гадоў і да канца 1980‑х гадоў), на якіх бачныя сцены царквы, абразы і мэбля (нават калі яны на заднім плане). Падыдуць здымкі з хрэсьбінаў, вяселляў, пахаванняў і царкоўных святаў.

Неабходна таксама зафіксаваць успаміны і гісторыі — кожны з іх неацэнны для музея. Калі ёсць магчымасць, просяць пагаварыць пра гэта з бабулямі і дзядулямі, суседзямі, мясцовымі старажыламі.

Шукаюць таксама імёны і звесткі пра лёсы святароў, званароў, псаломшчыкаў і прыхаджан.

Фота: Tochka.by

У ідэале хацелі б знайсці і захаваныя прадметы са Свята-Троіцкай царквы або хаця б іх фотаздымкі.

Калі няма магчымасці прыехаць у Мінск або адсканаваць здымкі, супрацоўнікі музея гатовыя самі наведаць любыя вёскі, акуратна зрабіць копіі фотаздымкаў і дакументаў, а таксама запісаць гісторыі людзей, звязаныя з храмам.

«Ваша дапамога — гэта магчымасць вярнуць жыццё святыні вашай малой радзімы, каб будучыя пакаленні ўбачылі яе такой, якой ведалі нашы продкі», — падкрэслілі спецыялісты.

Куды звяртацца

У Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту расказалі, як з імі звязацца, калі ў вас ёсць любая інфармацыя пра гэты аб'ект.

Можна патэлефанаваць або напісаць. Звароты прымае намеснік дырэктара музея Яўген Мікула, піша «Точка». 

Тэлефон: 8 (017) 369-13-28.

Электронная пошта: museum@etna.by.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула