БЕЛ Ł РУС

«Прадаваць квіткі па пашпарце пакуль немагчыма». У Тэатры лялек пракаментавалі ажыятаж на квіткі

13.11.2026 / 14:51

Nashaniva.com

Квіткі на самыя гучныя пастаноўкі Яўгена Карняга разлятаюцца хутчэй, чым на канцэрты сусветных суперзорак. Але як ухапіць запаветны квіток?

Дзіцячыя спектаклі таксама не адстаюць па запаўняльнасці залы: як мінімум да 7 студзеня на ўсю афішу не засталося ніводнага вольнага месца, піша Onliner.by.

Тым не менш тэатралы працягваюць дзяжурыць на сайце, каб за лічаныя секунды паспець набыць квіток, і будуюць тэорыі змовы, маўляў, ажыятаж штучны, а ўсе месцы загадзя размеркаваныя паміж «сваімі».

Пасля чарговай хвалі абурэнняў у сацыяльных сетках падрабязныя каментарыі наконт сітуацыі ў эфіры АНТ дала галоўны адміністратар тэатра Алена Казакова. Паводле яе слоў, цяпер Тэатр лялек перажывае пік папулярнасці — паказчыкі наведвальнасці выраслі як мінімум у дзесяць разоў.

— Для акцёраў гэта камплімент, для адміністрацыі — праблема. Увесь тэатр пра гэта гаворыць, мы перажываем за сітуацыю, якая склалася.

«Галодныя гульні», у якіх даводзіцца ўдзельнічаць у спробах злавіць квіток, у тэатры звязваюць найперш з невялікай колькасцю пасадачных месцаў у зале. 236 крэслаў у маштабах Мінска — гэта мала. Аднак пашыраць прастору або пераносіць пастаноўкі на іншыя пляцоўкі адміністрацыя не плануе.

«Спектаклі будуць губляць сваю мастацкую каштоўнасць», — патлумачыла Алена Казакова.

Цяпер квіткі паступаюць у продаж без папярэдняга анонсу. Усё для таго, каб сайт з імі не «лёг» яшчэ да з'яўлення месцаў у продажы. Звычайна ў так званы «дзень ікс» сайт штурмуюць больш за 20 тысяч чалавек.

Як адзначыла Казакова, продажы адкрываюцца па меры гатоўнасці тэхнічнай службы, і калі гэта адбудзецца, не ведаюць нават самі касіры і адміністратары.

— Мы прыходзім на працу як звычайна, і ў нейкі момант нам проста даюць старт.

Адзін з самых папулярных спосабаў вырашэння праблемы, які прапануюць беларусы ў сацыяльных сетках, — істотна павысіць цэны. Аднак рабіць гэтага ў тэатры пакуль не збіраюцца — «з павагі да гледачоў».

Прадаваць квіткі па пашпарце таксама пакуль немагчыма, паколькі гэта не прадугледжана заканадаўствам.

Яшчэ адно балючае пытанне — перакупшчыкі, якія прадаюць квіткі ў некалькі разоў даражэй за першапачатковы кошт. Паводле слоў Казаковай, з імі вядзецца актыўная барацьба.

— Мы звярнуліся ў ГУУС. Праводзілася праверка, ведаю, што такія людзі былі ўстаноўленыя і прыцягнутыя да адказнасці. Ёсць выказванні наконт таго, што [да перапродажу квіткоў] мае дачыненне сам тэатр. Гэта вельмі непрыемна. Мы сапраўды не маем да гэтага ніякага дачынення.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула