БЕЛ Ł РУС

«Рэанімавалі дома 40 хвілін». Што вядома пра памерлую пасля выпіскі з радзільні 32‑гадовую блогерку з Чэрыкава

13.11.2026 / 15:44

Nashaniva.com

Днямі ў TikTok-акаўнце 32‑гадовай блогеркі Анастасіі Марозавай з'явіўся яе партрэт, перавязаны чорнай стужкай. Спачатку падпісчыкі — іх у дзяўчыны каля 230 тысяч — падумалі, што акаўнт узламалі.

Адны пісалі, што ў Асі новая старонка, што яна нядаўна нарадзіла дзяўчынку і пару дзён таму выпісалася з радзільні — «і ўсё з ёй добра». Іншыя запэўнівалі, што Анастасія памерла: «У яе адарваўся тромб, і гэта, на жаль, праўда». Onliner паразмаўляў з мамай і найлепшай сяброўкай Анастасіі пра тое, што адбылося. Падрабязнасці — у матэрыяле.

«Я абдымаю кожную, у каго было кесарава, дзяўчаткі»

Анастасіі Марозавай было 32 гады. Яна жыла ў невялікім горадзе Чэрыкаве ў Магілёўскай вобласці. Да першага дэкрэту працавала прадаўцом, а пасля з’яўлення TikTok стала весці блог пра сваё жыццё і здымаць кароткія ролікі.

У адным з відэа, апублікаваным 22 кастрычніка, дзяўчына распавяла пра «складаныя роды»: паводле яе слоў, «дзевяцігадзінныя схваткі скончыліся экстранным кесаравым сячэннем і рэанімацыяй». «Я абдымаю кожную, у каго было кесарава, дзяўчаткі», — напісала блогерка.

У той дзень у сям’і Анастасіі нарадзілася другая дачка — Міраслава.

6 лістапада Анастасію разам з нованароджанай дачкой выпісалі з радзільні. На старонцы блогеркі ёсць кароткі ролік, на якім яна разам з мужам выходзіць з радзільні. Праз тры дні яе не стала.

— Насця назіралася ў Чэрыкаве, але нараджаць яе адправілі ў Мінск, у РНПЦ «Маці і дзіця», — распавяла Onliner мама Анастасіі Гаянэ.

— Чаму?

— Былі паказанні. Але я не хацела б цяпер удавацца ў дэталі.

— Распавядзіце, што адбылося ў панядзелак, 9 лістапада.

— Насця яшчэ а восьмай гадзіне вечара была на нагах і пры свядомасці, а ў 21:20 ужо некалькі разоў непрытомнела, — згадвае Гаянэ. — Дома з ёй была старэйшая дачка, ёй 12 гадоў. Даведаўшыся пра тое, што здарылася, спачатку прыехаў муж, потым — родны брат. Праз дзве-тры хвіліны пасля іх прыбыла хуткая.

— Перад гэтым Анастасія на нешта скардзілася?

— Ні на што. Як кажуць, нішто не прадвяшчала бяды… Калі прыехала хуткая, Насця яшчэ была пры свядомасці, але ўжо нічога не казала. Рэанімацыю праводзілі проста ў нас дома, каля 40 хвілін яе «пампавалі», але выратаваць не змаглі.

Цела Анастасіі адправілі на ўскрыццё ў Крычаў. Паводле слоў маці, туды прыязджалі судмедэксперты з Магілёва.

— Мы толькі выйшлі са Следчага камітэта, дзе давалі паказанні (размова была ўвечары чацвярга). Я хачу ведаць праўду: чаму маё дзіця цяпер ляжыць у зямлі?

— Як вы думаеце, што магло адбыцца?

— Экспертыза будзе гатовая толькі праз месяц — тады і стануць вядомыя дакладныя прычыны. Я яшчэ не размаўляла з дактарамі з Мінска. Тое, што пісалі пра адарваны тромб, нехта прыдумаў. Пакуль нічога не зразумела.

«Абмяркоўвалі, як будзем хрысціць малышку»

За некалькі гадзін да трагедыі Насця паспела пагаварыць з найлепшай сяброўкай Кацяй. Дзяўчаты сябравалі восем гадоў.

— Нягледзячы на тое што я з Расіі, мы былі на сувязі 24/7, пакуль яна ляжала ў бальніцы. У панядзелак таксама стэлефаноўваліся і развіталіся каля пятай гадзіны вечара. Ася (так яе называла сяброўка) была шчаслівай, усміхалася. Мы будавалі планы, абмяркоўвалі, як будзем хрысціць Міраславу. Мне прапанавалі стаць яе хроснай…

— Яна распавядала, як прайшлі роды?

— Так. Казала, што яе адправілі ў «Маці і дзіця», таму што баяліся за дзіця. Падрабязнасці я б не хацела агучваць. Ася казала, што дактары рапанавалі ёй зрабіць кесарава 20 кастрычніка, але яна адмовілася. Ёй хацелася нарадзіць самой, як і першае дзіця. Яна казала: «Давайце дачакаемся, пакуль адыдуць воды». Яны адышлі 22 кастрычніка, падняўся ціск, і яна дзевяць гадзін ляжала са схваткамі (у відэа Анастасія таксама агучвала гэты прамежак часу і ланцужок падзей, за выключэннем эпізоду з падвышаным ціскам) Пасля гэтага ёй зрабілі кесарава.

— Як вы даведаліся пра смерць Насці?

— Мне паведаміла яе мама Гаянэ. Яны размаўлялі па тэлефоне, калі Асі стала блага, і мама выклікала хуткую. Пакуль тая ехала, дадому прымчаліся муж і брат. Але выратаваць Насцю не змаглі.

— У вас ёсць меркаванне, што магло адбыцца?

— Яе выпісалі ў пятніцу, а праз тры дні яна памерла. Але такога проста так быць не можа…

З Анастасіяй развіталіся ў сераду, 11 лістапада. Паводле слоў сяброўкі, на пахаванне дзяўчыны прыйшлі некалькі соцень чалавек. Некаторыя прыехалі ў Чэрыкаў нават з іншых гарадоў. Цяпер пра нованароджаную дачку Анастасіі клапоцяцца блізкія.

Чытайце таксама:

Папулярная маладая блогерка з Чэрыкава памерла неўзабаве пасля нараджэння дзіцяці

Каментары да артыкула