«Спыталі, я жывая ці не». Беларускі б’юць трывогу: ім тэлефануюць з міліцыі і распытваюць пра труп
Беларускі дзеляцца ў сацсетках, што ім тэлефануюць з міліцыі, каб высветліць, ці ўсё з імі ў парадку. Усё б нічога, але жанчыны непакояцца: ці не могуць гэта аказацца махляры? Праскокваюць у абанентаў і іншыя страхі: «На працы напалохалі, што такім чынам збіраюць галасы для ШІ, а я не хачу».
Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: dneprovec.by
Дык як зразумець, тэлефануе сапраўды міліцыя ці не?
«У нядзелю вечарам званок з незнаёмага нумара — адказваю. Называюць маё прозвішча, імя і імя па бацьку, прадстаўляюцца супрацоўнікам РАУС (не пачула аддзел і імя) і пытаюць, ці ўсё ў мяне добра, бо ў Віцебскай вобласці знайшлі неапазнаны труп»;
«Мне тэлефанавалі, спыталі, жывая ці не, выбачыліся, што напалохалі. Гэта быў РАУС»;
«Мне тэлефанавалі з такім самым пытаннем месяцы два таму і таксама па гэтай жа справе», — дзясяткі падобных аповедаў можна сустрэць у сацсетках ад беларусак з розных куткоў краіны.
Супрацоўнікі міліцыі сапраўды пачалі праводзіць такія апытанні пасля таго, як у красавіку гэтага года ў лесе ў Лепельскім раёне знайшлі труп невядомай жанчыны. Усё, што было вядома для арыенціроўкі: загінулай магло быць ад 18 да 40 гадоў, рост каля 170 см. Меркавалася, што смерць наступіла цягам года.
З улікам такой узроставай разбежкі ў апісаных прыкметах пад пошукі трапіла вялікая выбарка жыхарак краіны, таму іх апытанне дагэтуль не скончанае. Як і дагэтуль не апазнаны той самы труп.
У сувязі з вялікім аб’ёмам працы абзвонамі займаюцца не толькі супрацоўнікі з Віцебскай вобласці, дзе адбылася трагедыя. Гэта тлумачыць, чаму пазваніць могуць не толькі з гэтага рэгіёна.
Некалькі жанчын, якія перажывалі наконт таго, ці праўда іх турбавалі з міліцыі, у выніку вырашылі наўпрост перазваніць у органы — ім пацвердзілі, што міліцыя сапраўды такім чынам працягвае весці пошукі асобы ахвяры.
«Мне ўчора званілі, я села на паніку. Пазваніла таму ў 102 сама, прадыктавала нумар, яны праверылі і сказалі, што мне рэальна званіў іх супрацоўнік», — падзялілася сваім досведам карыстальніца Аліна.
Гэта сапраўды адзін з дзейсных спосабаў пацвердзіць, каму ж сапраўды належыць нумар, з якога вам дазваніліся. Да таго ж, у самой міліцыі нагадваюць: супрацоўнікі ніколі не будуць выведваць у вас уразлівую інфармацыю, такую як, напрыклад, нумар банкаўскай карткі. Не дашлюць яны вам і смс ці спасылкі. Не набяруць вас і з вайбера з замежнага нумара.
«У мяне не прасілі ніякіх дакументаў. Толькі калі я нешта даведаюся па тэме зніклай жанчыны, каб паведаміла ў МУС».
«І мне тэлефанавалі, ніякіх даных не прасілі, патлумачылі, чаму тэлефануюць і спыталі, ці ўсё добра са мной і блізкімі», — падзялілася яшчэ некалькі беларусак у Threads.