БЕЛ Ł РУС

Юрыст Сапелка: Замарожванне спісаў «экстрэмістаў» — гэта спроба прадаць імітацыю за рэальныя саступкі

13.11.2026 / 16:50

Nashaniva.com

З сярэдзіны верасня беларускія ўлады спынілі публічнае абнаўленне Пераліку асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці і Пераліку арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. Чаму гэта варта ўвагі? Ды вельмі проста: гэта перадапошнія, хоць і няпоўныя, пералікі ахвяр і патэнцыйных ахвяр палітычна матываванага крымінальнага пераследу ў Беларусі. Для вонкавага назіральніка, звыклага да сухой мовы лічбаў і графікаў, гэтая паўза прынясе як мінімум ілюзію тэхнічнага запаволення рэпрэсіўнага канвеера, піша праваабаронца з «Вясны» Павел Сапелка.

Скрыншот з відэа

З пункту гледжання праваабарончага аналізу, адключэнне чарговага адкрытага рэестра — гэта не крок да нармалізацыі, а непасрэдная праява тактыкі схаваных рэпрэсій. Адбываецца паслядоўнае знішчэнне крыніц інфармацыі, што верыфікуецца, пра маштабы пераследаў, лёсы канкрэтных людзей і характары судовых працэсаў. Але гэта — не ўсё.

Пастка метрык для дыпламатычнага палітыкуму

«Вясна» не стамляецца паўтараць: любая статыстыка адносна вынікаў дзейнасці сілавых ведамстваў Беларусі мусіць ацэньвацца выключна праз наяўнасць дысклеймера пра жорстка абмежаваны доступ да інфармацыі. Апублікаваныя звесткі заўсёды складалі толькі тэхнічна даступныя, або дазволеныя да агалошвання самім рэжымам.

Тым не менш, варта лічыць фактам: у міжнароднай палітычнай і дыпламатычнай практыцы ёсць месца інерцыі ўспрымання. Адказным палітыкам патрэбныя выразныя паказчыкі ды метрыкі, якія верыфікуюцца. Калі афіцыйныя спісы перастаюць расці, у знешніх назіральнікаў узнікае спакуса адрапартаваць аб «зніжэнні градуса ціску».

У Мінску гэты механічны падыход выдатна счытваюць. Спыняючы публікаваць абнаўленні, улады наўмысна ствараюць інфармацыйны туман, дэзарыентуючы дэмакратычную супольнасць і спрабуючы знізіць цану сваёй пастаяннай прысутнасці ў міжнародным санкцыйным і праваабарончым парадку дня.

І гэта — першая нагода для «тэхнічных прычын» зацішша на сайце МУС.

Адсутнасць публікацый — гэта не спыненне ўліку

З юрыдычнага і практычнага пунктаў гледжання важна падзяляць тры ключавыя аспекты гэтай паўзы.

Засакрэчванне не азначае адмену. Адсутнасць новых прозвішчаў і назваў на сайце МУС можа азначаць толькі тое, што рэестр перастаў быць публічным. Пры гэтым розныя ведамасныя базы КДБ, Мінюста, Нацбанка і Памежнага камітэта працягваюць папаўняцца ў закрытым рэжыме. Грамадзяне ўсё адно сутыкнуцца з паражэннем у правах — блакаваннем рахункаў, забаронамі на прафесіі ды здзелкі — ужо post factum, без магчымасці загадзя ацаніць прававыя рызыкі.

Сістэма не мае патрэбы ў «спісах». За апошнія гады рэпрэсіўнае заканадаўства Беларусі было фундаментальна перабудавана. Фінансавыя, адміністрацыйныя і грамадзянска-прававыя абмежаванні сёння прывязаныя не толькі да факту знаходжання ў спецыяльных рэестрах, але і непасрэдна да складаў злачынстваў «экстрэмісцкай накіраванасці». Сілавы апарат цалкам гатовы абыходзіцца без публічных пералікаў, аўтаматычна ўжываючы ўвесь спектр прававых абмежаванняў на этапе выстаўлення абвінавачвання або вынясення прысуду. Узгадайце тэксты апошніх законаў аб амністыі: там для таго, каб не вызваліліся датэрмінова ці не атрымалі скарачэнне тэрміну «экстрэмісты», было прадугледжана адразу некалькі фільтраў: знаходжанне ў пераліку, наяўнасць пэўнага артыкула абвінавачвання, адсутнасць сур'ёзных спагнанняў, адсутнасць нявыплачаных грашовых спагнанняў.

Вяртанне да правераных інстытуцыянальных механізмаў. Для Беларусі пазасудовае, «ціхае» выцясненне нязгодных з грамадскага жыцця — практыка далёка не новая.

Другая магчымая прычына замарожвання пералікаў — тэхнічная магчымасць абысціся без іх, прынамсі — часова.

Адкат да гібрыднай мадэлі выцяснення

Спроба рэжысёраў беларускай прававой сістэмы ў 2020‑2023 гадах пабудаваць адкрытую заканадаўчую базу татальнага заканадаўчага тэрору паводле ўзору фашысцкіх, аўтарытарных і таталітарных рэжымаў XX стагоддзя сутыкнулася з відавочнымі выдаткамі. 

Узмацненне жорсткасці ды абуральная неканстытуцыйнасць новых законаў пераследвала зразумелую мэту: вызваліць выканаўцаў рэпрэсій ад «хімеры сумлення» і боязі магчымай адказнасці за парушэнне прававых прадпісанняў. Аднак адкрытыя спісы і дэманстратыўныя працэсы аказаліся занадта грувасткімі, яны кансервавалі статус міжнароднага ізгоя і штодня забяспечвалі міжнародныя інстытуты афіцыйна «аўтарызаванай» самімі ўладамі доказнай базай злачынстваў супраць правоў чалавека.

Цяперашні крок — гэта адкат да старой, добра напрацаванай яшчэ з канца 1990‑х і 2000‑х гадоў інстытуцыйнай практыкі.

Нагадаю: татальнае выцясненне апазіцыі, незалежных экспертаў і грамадзянскай супольнасці з органаў улады, кіравання, сістэмы адукацыі, навукі, культуры і дзяржаўнага сектара было практычна цалкам завершана задоўга да 2020 года. І зроблена гэта было без усялякіх публічных спісаў «экстрэмістаў» — праз механізмы кантрактнай сістэмы, «чорныя спісы» ідэалагічных аддзелаў, негалосны прафулік і нябачную працу КДБ. Калі рэжыму ў 2011‑2012 гадах спатрэбілася абмежаваць выезд за мяжу «нядобранадзейных», не трэба было задзейнічаць закон, спрацавала беззаконне: напрыклад, праваабаронца Валянцін Стэфановіч стаў «ухілістам» ад службы ў войску, хоць і адслужыў «тэрміновую» яшчэ пры Савецкім Саюзе. Дзіўна, але яшчэ больш дзівосна — адвакатцы Марыне Кавалеўскай тады ж прычыну забароны на выезд пазначылі аналагічную…

Сёння рэжым проста вяртаецца ў сваё натуральнае асяроддзе — да нябачных, але яшчэ больш татальных інстытуцыйных зачыстак, якія складаней зафіксаваць праваабаронцам і практычна немагчыма ператварыць у дакладную статыстыку для міжнародных органаў. 

Гэта трэці аспект: наяўнасць моцнай эфектыўнай альтэрнатывы дае магчымасць нават адмовіцца ад «памылковага» шляху.

Сігнал гатоўнасці да кампрамісу і задачы для міжнароднай палітыкі

Галоўная мая выснова з таго, што адбываецца, заключаецца ў наступным: вяртанне да «нябачных» рэпрэсій — гэта маркер змены рэжымам падыходаў да замежнай палітыкі.

Аж да 2024 года рэжым адкрыта бравіраваў маштабам рэпрэсій, тлумачачы іх «абаронай суверэнітэту» і дэманстратыўна ігнаруючы рэакцыю Захаду. Аднак падобна на тое, што да цяперашняга моманту цана татальнай ізаляцыі і абсалютнай залежнасці ад аднаго знешнепалітычнага вектара стала крытычнай. Пераход ад дэманстратыўнага фашызаванага права да ўтоеных зачыстак паказвае: Мінску жыццёва неабходныя каналы сувязі з Захадам і таму ён імітуе выкананне вонкавых умоў. 

Гэта чацвёртая прычына калапсу на ўкладцы «Аб захадах процідзеяння экстрэмізму і рэабілітацыі нацызму» сайта МУС. Няма сумневу, што сісадміняць гэтую ўкладку цяпер не ў кабінетах МУС, гэтыя праблемы супалі з паходам за ўзаемнасцю па палітычных кабінетах дэмакратычнага Захаду ганцоў з Мінска ды іх сатэлітаў.

Гэта дакладна не дэманстрацыя сілы, гэта зандаж рэакцый. Рэжым правярае міжнародны палітыкум на талерантнасць да хлусні і крывадушнасць: ці хопіць Захаду касметычнага знікнення лічбаў з сайтаў сілавых ведамстваў і праваабарончых арганізацый, каб пачаць размову аб змякчэнні пазіцый?

Умовы нармалізацыі адносін з беларускімі ўладамі, сфармуляваныя ЕС яшчэ ў 2020 годзе і пацверджаныя пасля, застаюцца нязменнымі, і сярод іх:

Замена гэтых крокаў замарожваннем спісаў на фоне крымінальных працэсаў, якія працягваюцца на следстве і ў судах, або кропкавымі актамі памілавання на фоне арыштаў, якія працягваюцца, — гэта спроба прадаць імітацыю за рэальныя саступкі.

Міжнародная супольнасць не павінна трапляць у пастку візуальнага скарачэння лічбаў. Калі рэжым пачынае хаваць сляды сваіх дзеянняў, значыць, знешні ціск застаецца для яго адчувальным фактарам. І адзіная правільная рэакцыя на гэты зандаж — не паслабленне ўвагі, а патрабаванне рэальных, сістэмных і вымерна прававых змяненняў у Беларусі.

Чытайце таксама:

170 «выйшлі», 283 «зайшлі». Праваабаронцы параўналі колькасць памілаваных і зняволеных палітвязняў

«Гэта не акт дабрыні, а чарговы інструмент рэпрэсій». Юрыст растлумачыў, чаму прымусовая дэпартацыя палітвязняў злачынства

На дзяржаўным тэлебачанні расказалі пра маштаб палітычных рэпрэсій у Гомелі цяпер

«Вясна»: Вядома пра 234 пацверджаных асуджаных па справе Гаюна

Каментары да артыкула