Буйны амерыканскі брокер абмежаваў аперацыі для беларусаў
Амерыканскі брокер Lime абмежаваў магчымасці правядзення аперацый для кліентаў з Беларусі і, верагодна, рыхтуецца цалкам спыніць іх абслугоўванне. Пра гэта паведаміў інвестар Дзмітрый Нарывончык у сваім тэлеграм-канале «Нетрудовые доходы», піша Office Life.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com
Як паведамляецца, усе рахункі кліентаў — рэзідэнтаў Беларусі пераведзеныя ў статус liquidation-only. Гэта азначае, што ўладальнікі рахункаў могуць толькі прадаваць фінансавыя інструменты, пераводзіць іх да іншага амерыканскага брокера або выводзіць сродкі.
Амерыканскі брокер спыніў адкрыццё рахункаў для беларусаў яшчэ ў 2022 годзе праз санкцыі. У асноўным кліентаў з беларускімі пашпартамі абслугоўвала еўрапейская даччыная кампанія Just2Trade.
Як адзначаецца ў паведамленні інвестарскага канала, у такіх сітуацыях замежныя брокеры звычайна закрываюць рахункі з магчымасцю ліквідаваць актывы і вярнуць грошы кліентам.
Пасля пачатку вайны ва Украіне многія амерыканскія і еўрапейскія брокерскія кампаніі спынілі працу з кліентамі з Расіі і Беларусі. У некаторых выпадках сродкі беларусаў аказаліся заблакаванымі на рахунках у Еўропе, і ўладальнікі не маглі іх вывесці. Падобная сітуацыя, у прыватнасці, узнікла ў кліентаў давернага кіравання Альфа-Банка.
Чытайце таксама:
Хто такая Эліс Хуанг — меркаваная кітайская шпіёнка, якая завяла раман з кіраўніком Nvidia
Армія хакераў сусветнага класу Паўночнай Карэі — сакрэтная зброя, якая ўзламала Binance