БЕЛ Ł РУС

«Абсалютна абуральна». Фінляндыя адкінула патрабаванні Расіі

13.11.2026 / 18:44

Nashaniva.com

Фінляндыя адхіліла магчымыя патрабаванні Расіі аб выхадзе краіны з НАТА. Міністр абароны Фінляндыі Анці Хяккянен заявіў, што Масква хоча абмежаваць дзейнасць краін Альянсу ў сваіх інтарэсах, але такія пытанні не могуць нават абмяркоўвацца, піша Bloomberg.

Фота: AP Photo/Sergei Grits

Заява міністра прагучала пасля паведамленняў пра тое, што расійскія прадстаўнікі падчас перамоў па Украіне ў Абу-Дабі неафіцыйна вылучылі патрабаванні адносна новага парадку бяспекі ў Еўропе. Паводле нямецкага выдання Bild, сярод іх былі выхад Фінляндыі з НАТА і адмова Альянсу ад вайсковых баз у Латвіі, Літве і Эстоніі.

Хякянен назваў само вылучэнне такіх прапаноў абуральным і заявіў, што Расія спрабуе праверыць, ці паддадуцца ЗША і Еўропа яе ціску. На думку міністра, Масква не імкнецца да сур'ёзных мірных перамоў, а пашырае свае патрабаванні, выстаўленыя падчас вайны ва Украіне, каб змяніць архітэктуру еўрапейскай бяспекі на сваю карысць.

Ён таксама адзначыў, што такі падыход з'яўляецца часткай псіхалагічнай стратэгіі, якую Расія выкарыстоўвае дзесяцігоддзямі: яна спрабуе змяніць парадак дня перамоў і паставіць заходнія краіны ў нявыгаднае становішча. Міністр заклікаў не паддавацца на расійскі блеф.

Як паведамлялася, расійская дэлегацыя таксама вылучыла патрабаванні адносна Малдовы, у тым ліку прапанавала ператварыць краіну ў федэрацыю. Гэта, як мяркуецца, магло быць спробай адцягнуць увагу ад перамоў аб мірным урэгуляванні вайны ва Украіне, падчас якіх Масква не прапанавала ніякіх кампрамісных варыянтаў.

Між тым прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў зняпраўдзіў паведамленні пра тое, што Масква патрабавала выхаду Фінляндыі або якой-небудзь іншай краіны з NATO. Ён заявіў, што яму нічога не вядома пра такія патрабаванні і што гэтае пытанне на перамовах у Абу-Дабі дакладна не абмяркоўвалася.

Чытайце таксама:

Адной з мэтаў званка Стуба і Сцёрэ Пуціну была ацэнка псіхалагічнага стану расійскага прэзідэнта

Польшча, Нарвегія і Фінляндыя запусцілі праграмы падрыхтоўкі рэзервістаў да магчымай вайны з Расіяй

Прэзідэнт Фінляндыі расказаў, якія пасланні ад Украіны перадаў Пуціну падчас размовы з ім

Стуб і Сцёрэ даведаліся ад Пуціна, што ён хоча ўвесь Данбас

Прайшла першая тэлефонная размова з Пуціным магчымых еўрапейскіх прадстаўнікоў на мірных перамовах з Расіяй

Каментары да артыкула