Музей Беларускага Палесся паставяць на рэканструкцыю
У Пінску плануюць капітальна адрамантаваць гістарычны будынак Музея Беларускага Палесся і цалкам абнавіць яго экспазіцыю. Пра гэта паведамілі ва ўпраўленні культуры Брэсцкага аблвыканкама, піша БелТА.
Фота: «Пинский вестник»
Пінскі музей — адзін з найстарэйшых у Беларусі, яму больш за 100 гадоў. Ён размяшчаецца ў будынку езуіцкага калегіума XVII стагоддзя, які з'яўляецца помнікам архітэктуры і мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Неабходнасць абнаўлення музея ўжо наспела. Праектна-каштарысная дакументацыя падрыхтаваная і прайшла экспертызу. Работы пачнуцца ў 2026 годзе, першапачаткова плануецца часткова адрамантаваць дах. На трэцім паверсе будынка цяпер працуе дзіцячая харэаграфічная школа, але на час рамонту яе выхаванцы будуць займацца ў іншых памяшканнях. Пасля завяршэння работ музей зойме ўсе паверхі.
Падчас рэканструкцыі заменяць інжынерныя камунікацыі, вокны і дзверы, выканаюць рамонт даху, фасада і ўнутраных памяшканняў. Для захавання гістарычнага аблічча будынка будуць выкарыстоўваць адпаведныя матэрыялы. Фінансаваць работы будзе абласны бюджэт.
Ва ўпраўленні культуры адзначылі, што музей мае значную культурную і архітэктурную каштоўнасць. У ягоных фондах і экспазіцыі захоўваюцца ўнікальныя прадметы, некаторыя з якіх існуюць у Беларусі ў адзіным экзэмпляры.
Цяперашняя экспазіцыя знаёміць наведнікаў з гісторыяй Палесся ад старажытных часоў да пачатку XX стагоддзя. У музеі можна ўбачыць каштоўныя археалагічныя і гістарычныя артэфакты, а таксама даведацца пра жыццё і заняткі палешукоў у розныя эпохі.
Чытайце таксама:
Беларускі музей просіць дапамогі ў аднаўленні старадаўняга храма
Музей абароны Брэсцкай крэпасці збіраюцца абнавіць
Экскурсія па-пінкавіцку. У музеі Якуба Коласа на Палессі спяваюць песні і ладзяць квесты