«Я здолею распазнаць пасткі». Кая Калас прапанавала сябе на ролю перамоўніцы з Расіяй ад Еўропы
Вярхоўная прадстаўніца Еўрасаюза па замежнай палітыцы і бяспецы Кая Калас прапанавала сваю кандыдатуру на пасаду спецыяльнага прадстаўніка ЕС для ўдзелу ў перамовах аб спыненні вайны Расіі супраць Украіны. Яна заявіла, што гатовая прадстаўляць Еўропу, паколькі ад вынікаў гэтых перамоваў залежыць вельмі многае, піша Euronews.
Кая Калас. Фота: Charles McQuillan/Getty Images
Пра гэта Калас сказала ў пятніцу на нефармальным саміце кіраўнікоў краін ЕС у Дубліне.
Паводле яе слоў, яна зможа распазнаць пасткі, якія расстаўляе Расія. Пры гэтым дыпламатка прызнала, што ў Маскве не хацелі б бачыць яе за сталом перамоў. Аднак, падкрэсліла яна, не Расіі вырашаць, хто будзе прадстаўляць Еўрасаюз.
Калас нагадала, што ў чэрвені 2024 года кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў ЕС зацвердзілі яе на пасадзе вярхоўнай прадстаўніцы, разумеючы, што ў наступныя пяць гадоў Еўропе, верагодна, давядзецца весці прамыя перамовы з Расіяй. Калі лідары захочуць перагледзець гэтае рашэнне, яны маюць на гэта права, але сама Калас лічыць, што цяпер трэба засяродзіцца на сутнасці пытання.
Яна таксама выступіла супраць таго, каб Еўрасаюз капіяваў амерыканскую мадэль перамоў, для якіх ЗША накіравалі двух спецыяльных прадстаўнікоў — Стыва Уіткафа і Джарэда Кушнера. На думку Калас, Еўропе патрэбны перамоўца з выразна вызначаным інстытуцыйным статусам.
Паводле Лісабонскай дамовы, каардынацыя знешняй палітыкі ЕС уваходзіць у кампетэнцыю вярхоўнага прадстаўніка. Аднак прадстаўляць Еўрасаюз на міжнароднай арэне таксама ўпаўнаважаны старшыня Еўрапейскай рады, пасаду якога цяпер займае Антоніу Кошта. Акрамя таго, Еўракамісія адказвае за важныя для дыпламатычнага працэсу пытанні, у тым ліку санкцыі, фінансаванне і пашырэнне ЕС.
Пакуль Кошта лічыцца галоўным прэтэндэнтам на ролю еўрапейскага спецпасланніка і, паводле публікацыі, апярэджвае Калас у гэтай барацьбе. Сама кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі адзначыла, што звязаная агульнай пазіцыяй дзяржаў-членаў і прадстаўляе не ўласныя інтарэсы, а ўсе 27 краін Еўрасаюза. Такім чынам яна працуе ўжо два гады.
Калас таксама заявіла, што Расія будзе выступаць супраць любой моцнай фігуры за сталом перамоў, бо зацікаўленая ў тым, каб яе апанент быў як мага слабейшы. Паводле яе слоў, Масква імкнецца навязаць свае максімальныя патрабаванні, таму не павінна атрымліваць магчымасць уплываць на выбар прадстаўніка Еўропы.
Пытанне аб прызначэнні адзінага перамоўцы ад ЕС стала асабліва актуальным пасля адпаведных просьбаў Украіны і ЗША. Лідары Еўрасаюза абмяркоўвалі яго на саміце ў Дубліне. Адзін з высокапастаўленых еўрапейскіх дыпламатаў падкрэсліў, што важнейшая не асоба будучага прадстаўніка, а агульная пазіцыя Еўропы. На яго думку, спрэчкі вакол кандыдатур могуць паглыбіць раскол паміж еўрапейскімі краінамі, чаго і дамагаецца Расія.
Да гэтага часу кантакты вяліся толькі на тэхнічным узроўні. Дакладныя паўнамоцтвы будучага спецпасланніка і фармат яго ўдзелу ў перамовах яшчэ не вызначаныя. У папярэдняй сустрэчы ў Абу-Дабі ўдзельнічалі высокапастаўленыя прадстаўнікі Францыі, Германіі, Вялікабрытаніі, Італіі, Еўракамісіі, Еўрапейскай рады і НАТА.
Калас таксама прызнала, што прадстаўнік ЕС у любым выпадку не зможа выступаць ад імя Вялікабрытаніі і Нарвегіі — двух важных саюзнікаў Украіны, якія не ўваходзяць у Еўрасаюз.
Чытайце таксама:
«Калі ласка, без сюрпрызаў!» Мерц засцярог Трампа ад другога Анкорыджа
Крэмль заявіў пра гатоўнасць да дыялогу з Еўропай
Еўрапейскія лідары Расіі: Еўропа сама вызначыць архітэктуру бяспекі кантынента
Расія забыла пра «дэмілітарызацыю» і «дэнацыфікацыю» ў працэсе перамоў з Украінай