БЕЛ Ł РУС

На дне Міжземнага мора знайшлі каля 1300 нейкіх кругоў. Як яны ўтварыліся?

13.11.2026 / 22:56

Nashaniva.com

На дне Міжземнага мора каля берагоў Корсікі знайшлі больш за 1300 амаль ідэальна круглых утварэнняў. Навукоўцы пакуль не могуць дакладна вызначыць, як яны ўзніклі, і разглядаюць дзве асноўныя версіі іх паходжання, піша выданне Focus.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com

Незвычайныя структуры ўпершыню заўважылі ў 2011 годзе падчас экспедыцыі па вывучэнні марскога дна. З дапамогай гідралакатара даследчыкі атрымалі выявы, на якіх замест звычайных пясчаных і камяністых участкаў былі бачныя правільныя кругі з цёмнымі плямамі ў цэнтры. Спачатку ўдалося знайсці толькі некалькі дзясяткаў такіх утварэнняў, але пазней высветлілася, што іх больш за 1300. Яны займаюць плошчу ў некалькі квадратных кіламетраў і знаходзяцца на глыбіні 105—125 метраў.

Падчас наступных экспедыцый вадалазы высветлілі, што ў цэнтры кожнага круга размешчаны купал з чырвоных вапнавых водарасцяў. Вакол яго знаходзіцца светлая зона асадкавых парод, а вонкавае кольца складаецца, сярод іншага, з невялікіх вапняковых утварэнняў, вядомых як радаліты.

Такім чынам, гэта не проста круглыя паглыбленні ў марскім дне, а складаныя біялагічныя структуры. Яны служаць асяроддзем для жыцця губак, каралаў, беспазваночных і розных відаў рыб.

Адна з асноўных гіпотэз тлумачыць іх узнікненне падзеямі апошняга ледавіковага максімуму, які адбыўся каля 21 тысячы гадоў таму. У той час узровень Міжземнага мора быў значна ніжэйшы за сучасны, таму ўчасткі, якія цяпер знаходзяцца на глыбіні больш за 100 метраў, размяшчаліся значна бліжэй да паверхні. Гэта стварала спрыяльныя ўмовы для росту чырвоных вапнавых водарасцяў, якім неабходнае сонечнае святло.

Пазней, калі клімат пацяплеў і ледавікі пачалі раставаць, узровень мора павышаўся, а былыя калоніі водарасцяў паступова апынуліся на значнай глыбіні.

Падчас экспедыцыі 2020 года навукоўцы сабралі ўзоры з цэнтральных частак утварэнняў. Радыевугляроднае датаванне паказала, што найстарэйшы з даследаваных матэрыялаў узнік прыкладна 21 тысячу гадоў таму.

Паводле адной з версій, каля 8 тысяч гадоў таму, калі ўзровень мора стабілізаваўся, пачаўся новы этап фармавання гэтых структур. Фрагменты старажытных утварэнняў і радаліты паступова назапашваліся вакол цэнтральных рэшткаў, утвараючы характэрныя круглыя кольцы. Аднак пакуль гэта толькі гіпотэза, а не канчаткова пацверджанае тлумачэнне.

У 2024 годзе даследчыкі Марк Верлак і Шарль-Франсуа Будурэск прапанавалі альтэрнатыўную версію. На іх думку, кругі могуць быць звязаныя з амерыканскімі авіябомбамі, якія ў 1943—1945 гадах скідалі ў мора самалёты, што вярталіся з баявых вылетаў над Еўропай.

У той перыяд каля Корсікі знаходзіліся амерыканскія авіябазы, і нявыкарыстаныя боепрыпасы маглі трапляць у прыбярэжныя воды. Паводле гэтай гіпотэзы, некаторыя круглыя структуры маглі ўтварыцца на месцах падзення або выбухаў бомбаў, а пазней іх засялілі марскія арганізмы. Такім чынам, іх паходжанне можа быць звязана не са старажытнымі геалагічнымі або біялагічнымі працэсамі, а з чалавечай дзейнасцю ў адносна нядаўнім мінулым. Аднак і гэтая версія пакуль не мае канчатковага пацвярджэння.

Незалежна ад паходжання кругоў, навуковыя даследаванні паказалі, што гэты ўчастак Міжземнага мора ўяўляе вялікую экалагічную каштоўнасць. Тут жывуць шматлікія марскія арганізмы, у тым ліку рэдкія каралы і беспазваночныя.

Адной з галоўных пагроз для падводных утварэнняў застаецца суднаходства. Якарныя прылады вялікіх суднаў могуць пашкодзіць далікатныя вапняковыя структуры, на фармаванне якіх, магчыма, спатрэбіліся тысячы гадоў.

Частка выяўленых аб’ектаў ужо знаходзіцца ў межах марскога прыроднага парку Кап-Корс і Агр'ят. Навукоўцы лічаць, што ахоўны статус неабходна распаўсюдзіць і на астатнія ўчасткі, каб захаваць незвычайную падводную экасістэму.

Чытайце таксама:

Каля берагоў Турцыі знайшлі найстаражытнейшае ў свеце затанулае судна

Слон з мёртвым сланянём, каёт у Сан-Францыска, пума на агароджы… Вось якія работы сталі сёлетнімі пераможцамі конкурсу «Фатограф года дзікай прыроды»

Італія мабілізуе армію васьміногаў на барацьбу з блакітнымі крабамі

Каментары да артыкула