55‑гадовага прадпрымальніка асудзілі за палітыку: ён штодня спрачаўся з ватнікамі ў Z‑чатах
Алег Лабудзеў родам з Бярозы, але апошнія гады жыў у сталічным рэгіёне. Мужчыну асудзілі за «заклікі да санкцый».
Алег Лабудзеў. Фота: фэйсбук
Алег Лабудзеў нарадзіўся ў 1971 годзе. Ён вырас у Бярозе Брэсцкай вобласці.
У 2014 годзе мужчына адкрыў у родным раёне ІП і на працягу дзесяці гадоў займаўся рознічным гандлем адзеннем, пакуль у верасні 2024 года не пачаў працэс ліквідацыі бізнэсу. Апошнія гады Алег жыў у сталічным рэгіёне.
У тэлеграме Лабудзеў быў падпісаны на больш чым сотню розных суполак — ад крыптавалютных чатаў і мінскіх барахолак да палітычных каналаў розных палітычных полюсаў. У 2020 годзе мужчына галасаваў за перамены, аднак пазней моцна расчараваўся ў дзейнасці дэмакратычных сілаў за мяжой. У дыскусійных чатах ён рэзка крытыкаваў Святлану Ціханоўскую, Паўла Латушку і каманду Віктара Бабарыкі.
Асноўную ж частку часу ў сетцы Алег праводзіў у расійскіх ваенных і палітычных чатах, куды прыходзіў спрачацца з прыхільнікамі Крамля. У сотнях каментароў ён паслядоўна абараняў Украіну, са спасылкамі на справаздачы АБСЕ і ААН абвяргаў міфы расійскай прапаганды пра Данбас і Крым, высмейваў расійскае войска і называў Уладзіміра Пуціна «пляшывым маньякам», які вядзе сваю краіну да краху і залежнасці ад Кітая.
Імаверна, мужчыну арыштавалі ў сярэдзіне снежня 2025 года — апошнія паведамленні ў ягоным акаўнце з'явіліся ўвечары 15 снежня, пасля чаго ён перастаў выходзіць на сувязь.
Алега Лабудзева асудзілі паводле артыкула 361 Крымінальнага кодэкса («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі»). Дакладны тэрмін пакарання невядомы, але ў такіх справах, як і за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», суды звычайна прызначаюць рэальнае пазбаўленне волі.
Нядаўна прысуд набыў законную моц, і КДБ дадаў мужчыну ў спіс «тэрарыстаў».