SpaceX адмовілася ад спробы злавіць ніжнюю ступень ракеты Starship, але яшчэ можа паспрабаваць злавіць верхнюю
Верхняя ступень ракеты працягвае палёт у космас.
Фота: Tim Warner / Getty Images
SpaceX адмовілася ад спробы злавіць ніжнюю ступень ракеты Starship падчас чарговага выпрабавальнага пуску, піша Бі-бі-сі.
Ніжнюю ступень планавалася злавіць з дапамогай механічных рук на стартавай вежы, якія многія параўноўвалі з палачкамі для ежы. Замест гэтага ступень была скіраваная ў акіян і ўпала туды.
Верхняя ступень ракеты працягвае палёт у космас.
SpaceX прыме рашэнне пра тое, ці будзе яна спрабаваць злавіць яе, прыкладна а 15:15 па мясцовым часе (23:15 па Мінску) у суботу.
Гэта першая спроба цалкам вярнуць абедзве ступені ракеты Starship. Паводле задумы стваральнікаў, іх можна будзе выкарыстоўваць паўторна і тым самым знізіць кошт запускаў.
Ракета вышынёй 124 м паспяхова стартавала са стартавай пляцоўкі Starbase у Бока-Чыка (штат Тэхас) а 22:45 паводле Грынвіча ў пятніцу.
Запуск трансляваўся ў прамым эфіры. Гаворачы пра адмову ад спробы злавіць ніжнюю ступень, прадстаўнік SpaceX сказаў: «Бяспека — гэта заўсёды прыярытэт нумар адзін. Калі мы апрабоўваем тое, чаго раней не рабілі, то прыярытэтам для нас з'яўляецца ўпэўненасць у тым, што кожны манеўр можна выканаць бяспечна».
Верхняя ступень Starship павінна вывесці на арбіту 26 спадарожнікаў, якія папоўняць сузор'е Starlink. Яна абляціць Зямлю 14 разоў і вернецца праз 22,5 гадзіны пасля запуску.
На гэтым этапе яе могуць паспрабаваць злавіць з дапамогай механічных рук на стартавай вежы (рашэнне пра гэта будзе прынята пазней).
Падчас трох папярэдніх пускаў SpaceX удавалася злавіць ніжнюю ступень. Верхняя ступень дагэтуль заўсёды прываднялася ў акіяне.
SpaceX даўно імкнецца стварыць ракету, цалкам прыдатную для паўторнага выкарыстання. У ракеты Falcon 9 можна паўторна выкарыстоўваць ніжнюю ступень. Гэтую ракету запускаюць больш за 100 разоў на год, і паўторнае выкарыстанне бустараў дазволіла значна скараціць выдаткі.
За скарачэннем выдаткаў пільна сочаць акцыянеры SpaceX — кампанія сёлета стала публічнай, — а таксама НАСА.
Поспехі Starship непасрэдна паўплываюць на планы НАСА высадзіць чалавека на Месяц у 2028 годзе. Гэта вельмі амбіцыйны тэрмін.
Пры гэтым у SpaceX ёсць канкурэнт — кампанія Blue Origin мільярдэра Джэфа Безаса, якая таксама заключыла кантракт з НАСА на распрацоўку апарата для пасадкі на Месяц.
НАСА ставіць перад сабой такія амбіцыйныя тэрміны праз суперніцтва з Кітаем, які плануе высадзіць сваіх тайканаўтаў на Месяц у 2030 годзе, казаў адміністратар агенцтва Джарэд Айзекман.