«Табе дакучаў я пытаннямі, ты мудры давала адказ…». Гурт «Дразды» прэзентаваў душэўны кліп «Бабуля»
«Гэты праект стаў магчымым дзякуючы неверагодным бабулям — жыхаркам нашай роднай Беларусі», — паведамляецца на старонках гурта ў сацсетках.
«Нізкі паклон і вялікая ўдзячнасць кожнай гераіні, іх унукам і праўнукам за тое, што ўпусцілі нас у свае дамы і даверылі самае патаемнае — свае асабістыя гісторыі. Вы падзяліліся не проста ўспамінамі, вы падарылі нам часцінку свайго сямейнага цяпла», — піша гурт, прэзентуючы кліп на розных пляцоўках.
Хмаркі да сонейка туляцца,
Нізка плывуць над зямлёй.
Як я сумую, бабулечка,
Па тых сустрэчах з табой.
Там у цянёчку каштанавым,
Помню ў дзяцінстве не раз,
Табе дакучаў я пытаннямі,
Ты мудры давала адказ…
Скажы мне, бабуля,
Дзе бусел зімуе,
Чаму колер сіні ў нябёс?
Чаму клён высокі,
Дзе водзяцца цмокі
І як гэта плакаць без слёз?
Як мёд робяць пчолкі,
Чаму да вясёлкі
Я сёння дабегчы не мог,
Куды цякуць рэчкі,
З чаго робяць свечкі
Бабуля, а дзе жыве бог?
Зноў закукуе зязюлечка
У нашым садку па вясне.
Толькі не выйдзе бабулечка
І не сустрэне мяне.
Там, дзе світанкі пунсовыя,
Выльюць туман на ваду.
Пра нашы з бабуляй размовы я
Ціхую песню складу.