БЕЛ Ł РУС

У Мінску да Новага года паставяць 33 ёлкі

14.11.2026 / 10:38

Nashaniva.com

Пачнуць ставіць ёлкі ў канцы лістапада — пачатку снежня. Але адно дрэва ўжо паставілі.

Фота: Onliner.by

Сёлета колькасць святочных ёлак, усталяваных на вуліцах сталіцы, павялічыцца — горад упрыгожаць 33 навагоднія дрэвы. Пра гэта БелТА расказала начальніца аддзела дызайну «Мінскрэкламы» Таццяна Бугаркова.

Навагоднія прыгажуні ўжо пачалі з'яўляцца ў розных кутках Мінска. Паколькі ўсталяванне праходзіць у тры этапы (спачатку мантуецца каркас, затым дадаюцца хваёвыя галінкі, а пасля — цацкі), дрэвы цяпер знаходзяцца на розных стадыях гатоўнасці.

Так, у мікрараёне Сокал ялінка ўжо ўпрыгожана цацкамі.

Работы вядуцца ў парку імя Уга Чавеса, на вуліцы Русіянава, у скверы Палянка і на вуліцы Асаналіева.

Навагоднія прыгажуні з'явяцца і ў некалькіх новых лакацыях — напрыклад, на вуліцах Шабаны і Герояў 120‑й дывізіі.

«Навагоднюю ёлку паставяць і каля Ратушы. Яе аформяць у рэтра-стылі. Усе, каму цікава, як святкавалі Новы год раней, змогуць прыйсці і паглядзець. Усе ўпрыгажэнні будуць стварацца з акцэнтам на візуальнае ўспрыманне. На ёлцы размесцяць старадаўнія паштоўкі і цацкі. Тэма рэтра будзе блізкая аматарам даўніны, якая застаецца ў памяці з пакалення ў пакаленне», — расказала прадстаўніца прадпрыемства.

Вядома, ёлкі з'явяцца і ў традыцыйных месцах. На Кастрычніцкай плошчы каля Палаца Рэспублікі размесціцца галоўная ёлка краіны.

«Гэта будзе 30‑метровая прыгажуня ў атачэнні святочнай інсталяцыі, якая і сёлета, як заўсёды, будзе радаваць мінчан і гасцей сталіцы», — адзначыла Таццяна Бугаркова.

Яшчэ адна цікавая лакацыя з навагодняй ёлкай адкрыецца ў звыклым месцы — каля Палаца спорту. Тут ужо не першы год праходзяць асноўныя масавыя гулянні: разгортваецца шырокі гандаль, усталёўваюцца сцэна і атракцыёны для дзяцей.

«Гэтая пляцоўка стане месцам прыцягнення для гасцей, мінчан і дзяцей. Там таксама будзе новая канцэпцыя афармлення і з'явіцца сімвалічны партал у Новы год. Там будзе цікава — зрэшты, як і на любой навагодняй лакацыі, дзе можна будзе знайсці выдатныя месцы для сэлфі», — сказала Таццяна Бугаркова.

Падрабязнасці дызайну пакуль не раскрываюцца, але на прадпрыемстве абяцаюць, што кожная лакацыя будзе вельмі прыгожай.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула