У Мінску плануюць адрамантаваць яшчэ 12 мастоў
Усяго ў сталіцы 119 мастоў.
Ілюстрацыйнае фота
У бліжэйшыя гады ў Мінску збіраюцца прывесці ў парадак 12 мастоў і пуцеправодаў. Акрамя таго, у горадзе плануюць пабудаваць некалькі новых транспартных сувязяў. Пра гэтыя планы расказалі на нарадзе ў Мінгарвыканкаме, паведамляюць Мінск-навіны.
Цяпер у сталіцы налічваецца 119 мастоў і пуцеправодаў. Паводле слоў дырэктара «Гардарбуда» Сяргея Панева, з 2020 года адрамантавалі 28 такіх збудаванняў. Яшчэ 12 маюць патрэбу ў абнаўленні. Завяршыць рамонт усіх мастоў і пуцеправодаў, на якіх выяўлены дэфекты, плануюць да 2030 года. Пры гэтым канчатковы спіс аб’ектаў на 2027 год пакуль фарміруецца.
Сярод збудаванняў, якія патрабуюць дадатковага абмеркавання, — мост праз Свіслач на вуліцы Дзянісаўскай. Перад рамонтам неабходна вызначыць яго будучыя габарыты з улікам генплана Мінска.
Паралельна ў сталіцы рыхтуюцца да будаўніцтва новых пуцеправодаў. У бліжэйшых планах — злучыць вуліцы Чурлёніса і Каржанеўскага, Сярова і Шпілеўскага, а таксама Манюшкі і Малінава. Гэтыя праекты павінны стаць часткай трэцяга транспартнага кальца.
У 2027 годзе таксама разлічваюць пачаць работы па злучэнні вуліц Свіслацкай і Сяліцкага.
А вось пуцеправод паміж вуліцамі Калеснікава і Ратамскай ужо практычна гатовы. У бліжэйшы час яго плануюць выпрабаваць, пасля чаго прымуць рашэнне аб адкрыцці руху.