У Львове прэзентавалі фотавыставу пра Полк Каліноўскага
У Львове прадставілі дакументальную фотавыставу «Полк Каліноўскага: Доўгая дарога дадому». Яна распавядае пра баявы шлях беларускіх добраахвотнікаў у складзе Сіл абароны Украіны і іх імкненне вярнуцца на радзіму, дзе зараз ім пагражае небяспека, піша Hromadske.
Экспазіцыю адкрылі ў Доме воіна. Большасць фотаздымкаў размясцілі на кардонных скрынях — яны сімвалізуюць пастаянныя пераезды байцоў і іх жыццё далёка ад дома.
«Скрыні, якія вы бачыце на выставе, сімвалізуюць наш шлях дадому. Гэта значыць, што цяпер мы знаходзімся не дома, а ў падвешаным стане, у рэжыме пастаянных пераездаў. Гэта сімвал пераездаў. На гэтай вайне мы сабралі вельмі вялікі багаж, з якім усё ж вернемся дадому», — расказаў пра ідэю выставы добраахвотнік Палка Каліноўскага Канстанцін Сушчык з пазыўным Кос.
Фотаздымкі адлюстроўваюць баявы шлях падраздзялення:
- Абарону Кіеўшчыны вясной 2022 года. Пасля баёў за Бучу і Ірпень добраахвотнікі накіраваліся на поўдзень.
- Удзел у баях на Мікалаеўшчыне і контрнаступленні на Херсоншчыне.
- Пазней — баі за Севераданецк і Лісічанск на Луганшчыне, Бахмут і Часаў Яр на Данеччыне, а таксама на Харкаўшчыне.
- І, нарэшце, Запарожскі кірунак, дзе Полк ваюе цяпер.