БЕЛ Ł РУС

Доктарка з мінскай хуткай дапамогі здзекавалася з блогеркі з інваліднасцю. А тых, хто пачаў заступацца, абазвала біясмеццем

14.11.2026 / 16:15

Аўгіння Якімук

«Гэта ты каханнем ніколі не зоймешся, і дочкі ў цябе ніколі не будзе… Не забывай пра гэта», — пісала ў інстаграме доктарка Наталля Папкова, якая працуе ў хуткай дапамозе ў Мінску.

Блогерка Паліна Кенько. Фота з яе інстаграма

Паліна Кенько вядзе блог у інстаграме пад нікам polligirl — на яе падпісана 231 тысяча чалавек. Блогерка мае інваліднасць — афіцыйна яе дыягназ гучыць «фіброзная дысплазія левай вялікагалёначнай косці». Гэта генетычнае захворванне, пры якім нармальную касцяную тканку часткова замяняе фіброзная (злучальная) тканка. Праз гэта костка становіцца слабейшай, можа дэфармавацца ці ламацца.

У дзяцінстве Паліна перанесла 11 аперацый — яна не магла хадзіць, адна нага была істотна карацейшая за іншую, дактары цягнулі яе ўсімі магчымымі метадамі. 

Блогерка Паліна Кенько. Фота з яе інстаграма

Цалкам вырашыць праблему не атрымалася, але ў выніку беларуска можа хадзіць самастойна.

Блогерка Паліна Кенько. Фота з яе інстаграма

Нягледзячы на інваліднасць, Паліна не губляе аптымізму. Яна развіваецца як блогерка, а таксама займаецца хэндмэйдам і робіць упрыгожванні — нядаўна ў Мінску прайшла яе першая персанальная выстава. Дзяўчына ганарыцца тым, што можа зарабляць самастойна і не жыве на дапамогу па інваліднасці.

Чамусьці менавіта яе выбрала мішэнню для кпінаў доктарка Наталля Папкова, якая працуе ў хуткай дапамозе ў Мінску.

Доктарка Наталля Папкова. Фота з яе інстаграма

Пачала яна з таго, што ніякая слава не заменіць Паліне магчымасць быць «паўнавартаснай жанчынай». Блогерка была непрыемна ўражана тым, што такое піша медык, і паабяцала распавесці аўдыторыі пра сітуацыю. Наталля ж адказала: «Дактары найлепшыя, а ты бескарысная».

На гэтым у сваіх здзеках жанчына не спынілася і напісала Паліне: «Гэта ты каханнем ніколі не зоймешся, і дочкі ў цябе ніколі не будзе… Вось гэта смутак. Не забывай пра гэта».

Насамрэч, гэта няпраўда. Генетычная хвароба Паліны не перашкаджае зацяжарыць і нарадзіць, больш за тое: яна нават не перадаецца ў спадчыну. То-бок блогерка мае ўсе шансы нарадзіць здаровае дзіця — калі захоча стаць маці. Дзіўна, што чалавек, які скончыў медыцынскі ўніверсітэт, пра гэта не ведае. 

Доктарка Наталля Папкова. Фота з яе інстаграма

Блогерка апублікавала перапіску і дадала, што смутак — гэта не калі няма дачкі, а калі няма розуму. Наталля парыравала тым, што шэсць гадоў вучылася і яшчэ дзевяць гадоў працавала — таму лічыць сябе разумнейшай.

Паліна атрымала тысячы паведамленняў са словамі падтрымкі. Яна падкрэслівае, што сама ўжо выпрацавала імунітэт на хэйт, але чалавек, які марыць пра дзяцей, ад такіх каментароў нядобразычліўцаў мог бы і выйсці ў акно. 

Падпісчыкі Паліны абурыліся і вырашылі пагаварыць з Наталляй наконт таго, што, мякка кажучы, непрыгожа, калі доктар здзекуецца з чалавека з інваліднасцю. Доктарка ж адказвала ўсім у хамскай манеры: «На*й ідзі ты і твае паведамленні, я доктар, я найлепшая. Вы ўсе біясмецце».

Блогерка распавяла, што падпісчыкі ўжо паведамілі ёй, на якой канкрэтна падстанцыі хуткай дапамогі працуе Наталля. Паліна думае аб тым, каб паказаць скрыншоты перапіскі кіраўніцтву доктаркі. Але тую гэта не пужае. Яна шчыра ўпэўнена: ніхто не зможа даказаць, што менавіта яна піша абразы са свайго акаўнта. 

Паліна ж прызнаецца, што яе гэты выпадак вельмі абурае і хвалюе. Блогерка адзначае, што заўсёды імкнецца выглядаць прывабна — але, нягледзячы на гэта, усё ж стала трыгерам для доктаркі.

«Мне страшна падумаць, што якая-небудзь ляжачая бабуля з пролежнямі, патрапіць вось да такога доктара. Ці зможа доктар, якога так трыгернула я, акуратны інвалід, аказаць першую медыцынскую дапамогу, чалавеку ў больш цяжкім стане?» — разважае Паліна.

Блогерка кажа, што праз інваліднасць шмат разоў камунікавала з дактарамі, але з такім грэблівым стаўленнем сутыкнулася ўпершыню.

Чытайце таксама:

«Дык дадому забяры алкаша абасцанага і выходжвай». Малады загадчык аддзялення бальніцы не стрымлівае сябе ў выразах у сацсетках

Загадчык аддзялення бальніцы пісаў пра «абасцаных алкашоў». Як адрэагавала кіраўніцтва?

«Больш за ўсё паскудстваў прычыняе яўрэёныш». Дзіцячая доктарка з Мінска шакавала антысеміцкімі выказваннямі

Памятаеце мінскую доктарку, якая шакавала антысеміцкімі выказваннямі? Яна дакладна больш не працуе ў дзіцячай бальніцы

Каментары да артыкула