Пуцін патрабуе вяртання НАТА да стану 1997 года
Як вынікае з дакумента, расійскі прэзідэнт таксама хоча, каб Францыя і Вялікабрытанія выключылі магчымасць выкарыстання сваёй ядзернай зброі для абароны іншых еўрапейскіх краін.
Уладзімір Пуцін. Фота: Contributor / Getty Images
Расія вярнулася да патрабаванняў, якія вылучала ў снежні 2021 года, за два месяцы да ўварвання, піша The New York Times. Цяпер яна ставіць іх умовай для мірнай здзелкі.
Журналісты атрымалі неафіцыйны дакумент ад аднаго з удзельнікаў перамоў.
Сярод патрабаванняў Расіі — адвесці войскі і базы НАТА на пазіцыі 1997 года, гэта значыць да пашырэння альянсу. Гэта асабліва аслабіла б Польшчу і краіны Балтыі.
Таксама Расія хоча спыніць пашырэнне НАТА і любую ягоную вайсковую актыўнасць ва Украіне, Усходняй Еўропе, на Паўднёвым Каўказе і ў Цэнтральнай Азіі.
Пуцін, як вынікае з дакумента, хоча, каб Францыя і Вялікабрытанія выключылі магчымасць выкарыстання сваёй ядзернай зброі для абароны іншых еўрапейскіх краін.
Сярод патрабаванняў таксама цалкам спыніць пастаўкі заходняй зброі Украіне. Дазволіць Украіне ўступіць у ЕС прапануюць толькі пры ўмове, што яна не будзе ўдзельнічаць у агульнай абароннай палітыцы.