БЕЛ Ł РУС

Латушка прапануе прызначыць спецыяльнага пасланніка ЕС па справах Беларусі

14.11.2026 / 17:48

Nashaniva.com

Такі пасланнік, разважае Латушка, мог бы прадстаўляць беларусаў падчас перамоваў па вайне ва Украіне замест Лукашэнкі.

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета і кіраўнік НАУ Павел Латушка прапануе прызначыць спецыяльнага пасланніка ЕС па справах Беларусі.

«Ці з’яўляецца рэалістычным сцэнарыем удзел дэмакратычных сілаў у перамовах [па вайне ва Украіне]? Шчыра кажучы, каб гэтага дамагчыся, нам патрэбны моцны голас нашых партнёраў, і тут мы глядзім на нашых саюзнікаў — на ЕС, на Польшчу, на Вялікабрытанію, на Украіну і на ЗША. І таму мы распрацавалі 10 умоваў, якія павінен выканаць Лукашэнка, калі хоча сесці за гэты стол перамоваў. Мы прапануем прызначэнне спецыяльнага пасланніка ЕС па справах Беларусі, які меў бы моцны мандат, заснаваны на апошніх рашэннях ЕС, і, магчыма, прадстаўляў бы і нас падчас гэтых перамоваў», — заявіў палітык падчас Познаньскага эканамічнага кангрэса, паведамляе тэлеграм-канал Латушкі.

Падчас дыскусіі ён таксама разважаў пра сітуацыю ў Беларусі ў кантэксце еўрапейскай бяспекі.

«Бяспека для Польшчы ці для ЕС — гэта дамовіцца з Лукашэнкам ці дэмакратычныя змены ў Беларусі? Безумоўна, дэмакратычныя змены ў Беларусі, таму што дамовіцца з Лукашэнкам спрабавалі ўжо пяць разоў. Гэта не прывяло да стратэгічных змен — адбыліся толькі касметычныя, і пазней мы мелі 2020 год. Гэта страшны год рэпрэсій, і гэты страшны год працягваецца ў 2026-м».

Павел Латушка таксама адзначыў, што Лукашэнка не можа быць гарантам бяспекі ў рэгіёне:

«Для ЕС, як і для Польшчы, важна, каб Беларусь была бяспечнай краінай, дэмакратычнай і свабоднай. Лукашэнка не гарантуе свабоды і бяспекі для Польшчы і для ЕС. Ён падпісаў столькі пагадненняў з Расіяй, што не вызваліцца ад гэтых абавязацельстваў. Ён падпісаў і ваенную дактрыну, і дамову аб гарантыях стратэгічнай бяспекі, якія цалкам абавязваюць яго выконваць усе загады, што ідуць з Крамля».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула