BMW адклікае 700 тысяч аўто — могуць загарэцца ў любы момант
Кампанія BMW запусціла ў ЗША маштабную сэрвісную кампанію, якая закранае 720 796 аўтамабіляў. Прычынай адклікання стала патэнцыйная небяспека ўзгарання: паводле даных амерыканскіх рэгулятараў, некаторыя машыны могуць загарэцца нават тады, калі рухавік не працуе, піша abw.by.
Фота: bmwgroup.com
Нацыянальнае ўпраўленне бяспекі дарожнага руху ЗША (NHTSA) раіць уладальнікам да правядзення рамонту не пакідаць такія аўтамабілі ў гаражах, побач з дамамі або паблізу іншых транспартных сродкаў. На час чакання сэрвісных работ машыны рэкамендавана паркаваць на адкрытай прасторы.
Крыніца праблемы звязана з электрычным раздымам вадзяной помпы, які можа аказацца недастаткова абароненым ад вільгаці. Траплянне вады здольнае прывесці да кароткага замыкання, а ў горшым выпадку — да ўзгарання. Асаблівая ўвага да сітуацыі звязана з тым, што частку гэтых аўтамабіляў ужо адклікалі ў 2024 годзе з падобнай прычыны. Аднак, як высветлілася, ранейшыя меры не забяспечылі поўнай ліквідацыі дэфекту.
Паводле інфармацыі BMW, у ЗША зафіксавана каля дзесяці інцыдэнтаў, якія могуць быць звязаныя з гэтай няспраўнасцю. Пры гэтым даных пра ДТЗ або пацярпелых на гэты момант не паступала.
У спіс трапілі аўтамабілі BMW 2012—2018 мадэльных гадоў, уключаючы мадэлі 2-Series, 3-Series, 4-Series, 5-Series, X1, X3, X4, X5 xDrive40e, Z4, а таксама 328xi Gran Turismo.
Канчатковае тэхнічнае рашэнне BMW пакуль яшчэ рыхтуе. Пасля яго зацвярджэння ўладальнікаў запросяць на бясплатны рамонт да афіцыйных дылераў. Рассылка паведамленняў мае распачацца 25 снежня.