Былы расійскі губернатар Гладкоў адмовіўся ад канала з 400 тысячамі падпісчыкаў. У Крамлі былі незадаволеныя яго актыўнасцю
Раней ён крытыкаваў абмежаванні інтэрнэту ў памежных з Украінай раёнах.
Вячаслаў Гладкоў
Былы губернатар Белгарадскай вобласці Вячаслаў Гладкоў спыніў весці свой тэлеграм-канал «Сапраўдны Гладкоў», дзе было амаль 400 тысяч падпісчыкаў. Па дадзеных «Коммерсанта», у Крамлі былі незадаволеныя тым, што чыноўнік працягвае камунікаваць з жыхарамі Белгарада. Крыніца ў Адміністрацыі прэзідэнта сказала выданню, што Гладкоў, якога прызначылі расійскім паслом у Абхазіі, «ніяк не можа зразумець сваю новую ролю».
Сам Гладкоў прычыну адмовы ад канала не патлумачыў.
Гладкоў актыўна выкарыстоўваў Telegram падчас кіраўніцтва Белгарадскай вобласцю, рэгулярна публікуючы паведамленні пра абстрэлы, пашкоджанні інфраструктуры і працу экстранных службаў, піша Insider.
У пачатку 2026 года ён крытыкаваў абмежаванні інтэрнэту, папярэджваючы, што яны ўскладняюць абвестку жыхароў памежных раёнаў пра пагрозы. У сакавіку губернатар прызнаў, што ў расійскім месенджары Max немагчыма наладзіць аператыўныя пуш-паведамленні пра ракетную небяспеку і атакі беспілотнікаў. Раней ён таксама казаў, што праз адключэнні мабільнага інтэрнэту ў памежжы гінуць людзі.
Вячаслаў Гладкоў узначальваў Белгарадскую вобласць з лістапада 2020 года. У маі 2026‑га Уладзімір Пуцін прыняў яго датэрміновую адстаўку, прызначыўшы кіраўніком рэгіёна ўдзельніка вайны супраць Украіны, генерал-маёра Аляксандра Шуваева. Адстаўцы папярэднічала расследаванне крадзяжоў пры будаўніцтве абарончых збудаванняў, адным з фігурантаў якога стаў намеснік губернатара Рустэм Зайнулін. У чэрвені Пуцін прызначыў Гладкова паслом Расіі ў Абхазіі, якая міжнародна прызнана часткай Грузіі. Да выканання абавязкаў ён прыступіў 1 ліпеня.