БЕЛ Ł РУС

Выйшла кніга пра Зянона Пазняка. Яе рыхтавалі больш за 10 гадоў

14.11.2026 / 19:44

Nashaniva.com

14 лістапада на фестывалі інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» ў Варшаве прэзентавалі кнігу пра Зянона Пазняка, заснаваную на шматгадовых размовах з ім. Аўтары, журналісты Дзмітрый Гурневіч і Павел Мажэйка, расказалі, якім яны ўбачылі Пазняка па-за палітыкай, пра што ён гаварыў са слязамі на вачах і чаму выданне кнігі заняло больш за дзесяць гадоў, піша «Радыё Свабода».

Фота тут і далей: «Радыё Свабода»

Прэзентацыя адбылася ў варшаўскім Доме сустрэч з гісторыяй. Дыскусію мадэраваў выдавец Яраслаў Іванюк. Кніга, якая раней выйшла пад назвай «Стаць у праломе мура», цяпер пабачыла свет у дапрацаваным выданні «Зянон Пазняк — у размовах з Дзмітрыем Гурневічам і Паўлам Мажэйкам» у выдавецтве «Камунікат».

Размовы запісвалі ў першай палове 2010‑х гадоў. Яны ахопліваюць падзеі беларускай гісторыі ад міжваеннага часу да здабыцця незалежнасці ў 1991 годзе.

Іншы Зянон Пазняк

Падчас прэзентацыі аўтараў запыталі, ці ўдалося ім паказаць у кнізе Пазняка, якога беларусы не ведаюць з палітычных выступаў.

«Я б сказаў, што гэтая кніжка ўся пра іншага Пазняка. Ён расказвае пра гісторыю сваёй сям’і, свайго роду, пра бацьку, якога забілі на вайне, пра маму, пра якую мала хто ведае», — адзначыў Дзмітрый Гурневіч.

Паводле журналіста, у асабістых размовах Пазняк быў зусім не такім, як у палітычных інтэрв'ю: жартаваў, усміхаўся, а калі згадваў бацькоў, часам не стрымліваў слёз.

«Я бачыў Пазняка, які плакаў», — расказаў Гурневіч.

Апавядае Дзмітрый Гурневіч

«Гэта кніга не пра Пазняка. Гэта кніга пра дваццатае стагоддзе»

Павел Мажэйка прапанаваў паглядзець на выданне шырэй — як на аповед пра Беларусь ХХ стагоддзя.

Паводле журналіста, праз асабістую гісторыю Пазняка можна прасачыць шлях некалькіх пакаленняў беларусаў: праз войны, рэпрэсіі і русіфікацыю да здабыцця незалежнасці.

Аўтары хацелі паказаць, як у савецкі час беларусы захоўвалі нацыянальную свядомасць і працягвалі працаваць дзеля будучай незалежнасці краіны. Менавіта таму размовы ў кнізе свядома завяршаюцца 1991 годам.

Невядомыя гісторыі пра вядомых беларусаў

Падчас прэзентацыі аўтары прыгадалі некалькі нечаканых гісторый, якія ўвайшлі ў кнігу. Адна з іх тычыцца бацькі Зянона Пазняка. Як пераказаў Дзмітрый Гурневіч, паводле ўспамінаў палітыка, 18 верасня 1939 года ягоны бацька сустракаў Чырвоную армію, якая ўвайшла ў Заходнюю Беларусь, з бел-чырвона-белым сцягам.

Сярод іншых эпізодаў — тое, як паэт Максім Танк заступаўся за маладога Пазняка, калі таго выключылі з тэатральна-мастацкага інстытута.

Яшчэ адна гісторыя — пра барацьбу за захаванне гістарычнай забудовы Мінска. Каб атрымаць подпіс вядомага музычнага дзеяча Рыгора Шырмы пад зваротам у абарону старога горада, Пазняк разам з паплечнікамі некалькі гадзін абыходзіў кватэры ў вялікім доме. Урэшце Шырму знайшлі, і ён падпісаў зварот.

Сярод іншых герояў успамінаў — Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Міхась Чарняўскі і іншыя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі.

З мікрафонам — Павел Мажэйка

Паводле Паўла Мажэйкі, такія гісторыі дапамагаюць зразумець, што незалежнасць Беларусі не «звалілася нам на галаву», а стала вынікам шматгадовай працы многіх людзей.

Чаму кнігу выдавалі больш за дзесяць гадоў

Размовы з Пазняком запісвалі цягам некалькіх гадоў у самых розных месцах: у кавярнях, гандлёвых цэнтрах, аўтамабілях і ў яго дома. Даводзілася падладжвацца пад графікі — Мажэйка жыў у Гродне, Гурневіч працаваў у Варшаве, а Пазняк часта ездзіў паміж Варшавай і Нью-Ёркам.

Выданне неаднаразова адкладалася. Сярод прычын Павел Мажэйка назваў пандэмію каранавіруса, падзеі 2020 года і палітычныя рэпрэсіі.

У жніўні 2022 года Мажэйку затрымалі. Ён правёў за кратамі тры гады і выйшаў на волю толькі ў верасні 2025-га.

Пакуль Павел знаходзіўся ў зняволенні, Зянон Пазняк за асабістыя сродкі выдаў кнігу «Стаць у праломе мура», не чакаючы завяршэння рэдактарскай працы журналістаў.

Тым часам дапрацаваны рукапіс заставаўся ў Беларусі. Пасля ператрусаў і вымушанага выезду з краіны Павел Мажэйка асцерагаўся, што праца згубленая. Аднак рукапіс удалося перадаць з Беларусі, і аўтары змаглі вярнуцца да падрыхтоўкі кнігі.

Новае выданне падрыхтавала выдавецтва «Камунікат». На прэзентацыі паказалі ягоныя сігнальныя асобнікі. Канчатковы варыянт плануюць выдаць у цвёрдай вокладцы.

Журналісты прызналіся, што ў іх засталося яшчэ нямала пытанняў да Пазняка. Частка запісаных размоў, у тым ліку пра падзеі пасля 1991 года, не ўвайшла ў кнігу. Аўтары не выключаюць, што ў будучыні ў яе можа з'явіцца працяг.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула