На Кіпры п’яны расіянін прычапіўся да п’янай украінкі. Яе спадарожнікі збілі яго на горкі яблык — можа страціць вока
Расійскія СМІ кажуць, што прычынай стала палітычная дыскусія, але пацвярджэнняў гэтаму няма.
Фота: protothema.gr
Акруговы суд Лімасола 14 лістапада арыштаваў на шэсць сутак чатырох грамадзян Украіны. Іх падазраюць у тым, што яны моцна збілі 33‑гадовага грамадзяніна Расіі. Пра гэта паведамляюць кіпрскія СМІ са спасылкай на паліцыю.
Бойка адбылася ў ноч на суботу ў цэнтры Лімасола, дзе шмат бараў і начных клубаў. Каля 00:20 паліцыя атрымала паведамленне пра параненага чалавека. На месцы яна знайшла 33‑гадовага мужчыну, які ляжаў на зямлі. У бальніцы ў яго выявілі пералом касцей твару, рваныя раны і кровазліццё ў левае вока. Траўмы аказаліся цяжкімі. Медыкі не выключаюць, што ён можа страціць зрок на адно вока.
Паліцыя знайшла сведчанні супраць чатырох чалавек. Гэта двое 23‑гадовых мужчын, 22‑гадовы мужчына і 22‑гадовая жанчына, усе грамадзяне Украіны. Затрыманых таксама агледзелі ў бальніцы. У 22‑гадовага мужчыны пералом носа, у астатніх сінякі. Пасля аказання дапамогі іх выпісалі.
Паводле звестак газеты Phileleftheros, бойка магла пачацца з таго, што расіянін нешта сказаў 22‑гадовай спадарожніцы аднаго з затрыманых. Таксама паведамляецца, што ўдзельнікі, верагодна, былі п'яныя. Калі паліцыя растлумачыла затрыманым прычыну арышту, адзін з іх заявіў: «Я абараняў сваю жонку». Астатнія пацвердзілі яго словы.
Паліцыя расследуе справу аб прычыненні цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Яна высвятляе ролю кожнага затрыманага і правярае, ці ўдзельнічаў у бойцы хтосьці яшчэ.
Некаторыя расійскія СМІ напісалі, што бойка пачалася са спрэчкі пра палітыку. Кіпрскія крыніцы гэтага не пацвярджаюць. Паводле папярэдніх ацэнак паліцыі, нацыянальнага матыву ў гэтым здарэнні няма.