БЕЛ Ł РУС

Джоні Дэп вяртаецца ў Галівуд пасля байкоту

14.11.2026 / 21:50

Nashaniva.com

Джоні Дэп вяртаецца ў вялікае кіно. Дэп сыграў Скруджа ў новай экранізацыі «Каляднай песні» Дыкенса — «Скрудж і дух Калядаў» (Ebenezer). Яго выпускае студыя Paramount, рэжысёр Ці Вэст. Гэта першы фільм вялікай студыі з Дэпам пасля судоў з былой жонкай Эмбер Хёрд, піша Бі-бі-сі.

Кадр з фільма «Скрудж і дух Калядаў»

Дэп знік з Галівуда, калі ў 2020 годзе прайграў у Брытаніі суд аб паклёпе супраць газеты The Sun, якая назвала яго мужам, што б'е жонку. Суддзя вырашыў, што газета ў асноўным пісала праўду, і Warner Bros адразу прыбрала Дэпа з «Фантастычных звяроў».

У 2022 годзе ў ЗША ён выйграў суд аб паклёпе супраць Хёрд, але падчас працэсу публіцы сталі вядомыя падрабязнасці іх стасункаў і ўжывання наркотыкаў.

Сам Дэп казаў, што Галівуд аб'явіў яму байкот.

Галоўная тэма рэкламнай кампаніі новага фільма — вяртанне Дэпа. У трэйлеры згадваюць яго вядомыя ролі, а сам ён кажа, што рады вярнуцца.

Вяртанне можа атрымацца, лічаць эксперты індустрыі. Дэп выйграў суд у ЗША, а вобраз бунтара і так быў часткай яго брэнда. Да таго ж Галівуд даруе, калі гэта прыносіць грошы, а фанаты падчас судоў актыўна падтрымлівалі акцёра.

У першы ўік-энд фільм, паводле прагнозу, фільм збярэ 22 млн долараў, а за ўвесь пракат у ЗША больш за 100 млн. Бюджэт фільма каля 38 млн.

Дэп і пасля судоў здымаўся ў Еўропе, у 2023 годзе быў у Канах і застаўся тварам Dior. А ў Хёрд у «Аквамэне-2» была толькі невялікая роля, і з таго часу яна нідзе не здымалася.

Калі фільм атрымае поспех, Дэп можа вярнуцца ў «Піратаў Карыбскага мора»: прадзюсар Джэры Бракгаймер ужо сказаў, што франшызу аднаўляюць з ім. Таксама ў сакавіку выйдзе трылер «Дзённы п'яніца» з Пенелопай Крус, і ў яго трэйлеры таксама абыгрываецца тэма вяртання самога Дэпа.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула