Стала вядома, дзе будзе знаходзіцца Офіс Ціханоўскай у Варшаве
На дзвярах і вокнах памяшкання, якое раней займаў Беларускі моладзевы хаб у Варшаве, з'явілася афармленне Офіса Святланы Ціханоўскай, заўважыла «Радыё Свабода». Па інфармацыі «Нашай Нівы», па тым адрасе — пляц Канстытуцыі, 6 — сапраўды неўзабаве пачне працаваць Офіс Ціханоўскай.
Фота: «Радыё Свабода»
Ціханоўская з камандай пераехала з Вільні ў Варшаву ў лютым. Калі ішлі размовы пра новы офіс у польскай сталіцы, то планавалася, што гэта будзе ў тым ліку і адкрытая грамадская прастора.
Варшаўскі офіс плануюць адкрыць у канцы лістапада.
У тым памяшканні ў цэнтры Варшавы ў 2021‑2023 гадах знаходзіўся Беларускі моладзевы хаб. Пазней тое памяшканне праз скандал заняў Сяргей Бульба — па дакументах на той момант ён быў старшынёй праўлення асацыяцыі Białoruski Młodzieżowy Hub, якая арандавала памяшканне ў Варшавы. Бульба адкрыў там пляцоўку «Робім разам». У 2025 годзе паліцыя выселіла арганізацыю Бульбы паводле рашэння суда. Паводле ўладаў Варшавы, запазычанасць за памяшканне склала каля 23 тысяч даляраў.