БЕЛ Ł РУС

У тэатры імя Горкага працягваецца капітальны рамонт. Як зменіцца будынак ФОТА

15.11.2026 / 09:27

Nashaniva.com

Пад абшыўкай над балконам захавалася старое скляпенне з аўтэнтычнымі роспісамі. У будынку таксама аднаўляюць маўрытанскую муроўку, рэстаўрыруюць люстру вагой больш за паўтоны і рыхтуюць сцэну, з-пад якой змогуць з’яўляцца акторы. 

Капітальны рамонт тэатра імя Максіма Горкага ў Мінску набліжаецца да завяршэння, пішуць «Мінск-Навіны». Калектыў працуе па-за сценамі свайго тэатра ўжо больш за два гады. 

Будынак пачалі ўзводзіць у 1902 годзе як харальную сінагогу ў маўрытанскім стылі. Пасля вайны яго перадалі рускаму драматычнаму тэатру. Перабудова 1950‑х істотна змяніла фасад: замест вялікай аркі з’явіўся порцік з шасцю калонамі і трохкутным франтонам.

Цяпер частку старых архітэктурных дэталяў зноў адкрываюць.

Пад тынкоўкай захавалася дэкаратыўная муроўка з чаргаваннем рознакаляровай цэглы. Яе ачысцілі і адрэстаўравалі. На першым паверсе аднавілі два раней закладзеныя вокны, захаваўшы іх гістарычныя памеры.

Бакавыя сцены пафарбавалі ў тэракотавы колер — адценне старой цэглы падбіралі з дапамогай фізіка-хімічных даследаванняў. А граніт на прыступках галоўнага ўвахода замест цёмна-шэрага стаў чырвона-карычневым.

Паводле архіўных фотаздымкаў адновяць слупы агароджы сінагогі. Цяпер іх будуць выкарыстоўваць як тэатральныя афішныя тумбы.

Каля фундамента таксама знайшлі рэшткі старой брукаванкі — пры добраўпарадкаванні тэрыторыі пакладуць плітку, якая яе імітуе.

У глядзельнай зале аднавілі цыліндрычнае скляпенне з ляпнінай і роспісам 1904 года. Для ўзнаўлення малюнка выкарыстоўвалі спецыяльныя трафарэты, а склад старой грунтоўкі і фарбы папярэдне даследавалі.

Нечаканую знаходку зрабілі над балконам: пасля дэмантажу абшыўкі там адкрылася яшчэ адно аўтэнтычнае распісное скляпенне. Яго таксама змогуць убачыць гледачы.

Месцаў у зале стане менш праз сучасныя патрабаванні пажарнай бяспекі. Затое пад кожным крэслам прадугледжаная вентыляцыя, а частку сцен абліцавалі панэлямі для паляпшэння акустыкі.

Абсталяванне сцэны аўтаматызавалі: дэкарацыямі, заслонамі і святлом будуць кіраваць з пульта.

З’явіліся і два спецыяльныя люкі, праз якія можна будзе апускацца пад сцэну або з’яўляцца з-пад яе.

«Прадугледжаны новы насціл сцэны — важны элемент для артыстаў. Ён павінен быць роўным і трывалым, бо на ім усталёўваюць дэкарацыі. Часам падчас спектакля па сцэне ездзяць некалькі тон», — расказала дырэктарка тэатра Наталля Грамыка.

Вялізную люстру вырашылі рэстаўраваць на месцы: яна важыць больш за 500 кілаграмаў. Майстры працуюць з рыштаванняў — чысцяць крыштальныя элементы і аднаўляюць на металічных дэталях пакрыццё сусальным золатам.

У фае ўсталююць скульптуру Максіма Горкага на поўны рост. Над ёй працуюць выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Будаўніча-мантажныя работы плануюць скончыць да канца восені, пасля пачнуць наладжваць абсталяванне. Да новага святла і гуку трэба будзе адаптаваць усе 32 спектаклі рэпертуару.

«Калі ўсё складзецца добра, з канца зімы — пачатку вясны 2027 года пачнём паказваць спектаклі ў абноўленым будынку», — паведаміла Грамыка.

Першым плануюць сыграць «Графа Монтэ-Крыста».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула