Сабаленка ўнеслі ў базу «Міратворца» пасля скандалу на матчы з украінкай Світолінай
Украінскі сайт абвінаваціў беларускую тэнісістку ў распальванні варожасці і падтрымцы расійскай агрэсіі. Нагодай стала відэа яе эмацыйнай рэакцыі падчас матча з Элінай Світолінай. Сама Арына Сабаленка заявіла, што яе словы адрасаваліся гледачам, якія агрэсіўна радаваліся яе памылкам, і папрасіла прабачэння.
Арына Сабаленка. Фота: AP Photo / Yuki Iwamura
Картка Арыны Сабаленка з’явілася на сайце «Міратворац» увечары 14 лістапада. Яе аўтары прыпісваюць тэнісістцы «падбухторванне міжэтнічнай і міжканфесійнай варожасці», «удзел у актах гуманітарнай агрэсіі супраць Украіны» і «публічную падтрымку расійскай агрэсіі і забойстваў грамадзян Украіны».
У якасці абгрунтавання яны прыводзяць відэа з матча Сабаленкі супраць украінкі Эліны Світолінай на Выніковым турніры WTA. Беларуска прайграла з лікам 3:6, 6:3, 1:6.
Пасля аднаго з няўдалых розыгрышаў Сабаленка эмацыйна выказалася. На трансляцыі яе голасу не чуваць, але па рухах вуснаў карыстальнікі паспрабавалі расчытаць нецэнзурную фразу. Яе ўспрынялі як абразу ў адрас украінскай суперніцы.
Сабаленка пазней апублікавала тлумачэнне ў інстаграме.
«Мой каментарый не быў адрасаваны Эліне. Мяне раззлавала невялікая група гледачоў, якая агрэсіўна радавалася маім памылкам, і ў той момант я адрэагавала эмацыйна», — напісала тэнісістка.
Яна прызнала, што мусіла інакш справіцца са сваім расчараваннем.
«Я прашу прабачэння ва ўсіх, каго пакрыўдзіла. Эліна правяла выдатны матч, і я жадаю ёй усяго найлепшага ў астатняй частцы турніру», — дадала Сабаленка.
У картцы «Міратворца» таксама згадваюць подпіс Сабаленка пад праўладным зваротам беларускіх спартсменаў у 2020 годзе і прысутнасць на запісе навагодняга звароту Лукашэнкі ў канцы таго ж года.
«Міратворац» — украінскі недзяржаўны праект, створаны ў 2014 годзе. Ён публікуе звесткі пра людзей, якіх лічыць датычнымі да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі Украіны. Унясенне ў гэтую базу само па сабе не азначае завядзення крымінальнай справы.