З Кастрычніцкай у Мінску знік партрэт Караткевіча. Аўтар патлумачыў, чаму замяніў яго
Замест усмешлівага Уладзіміра Караткевіча з сабакам на сцяне дома ў Мінску цяпер малюнак пад мазаіку. Змена засмуціла частку мінакоў. У каментары прыйшоў сам мастак.
Знікненне партрэта на Кастрычніцкай, 23, заўважылі ў Threads. Карыстальніца kapystka_ апублікавала фотаздымкі з пытаннем: «Я нешта не разумею, а калі гэта адбылося?»
«Месца, каля якога я заўсёды спынялася», — напісала адна з каментатарак.
«Мазаіка цудоўная, але ж ёй можна было знайсці іншае месца. Навошта прыбіраць Караткевіча?» — спытала іншая.
У абмеркаванні напісаў аўтар партрэта — мастак з Ліды Яўген Мацюта, які працуе пад псеўданімам Ковек.
«11 гадоў таму назад я намаляваў гэтага Караткевіча, да яго былі і другія малюнкі. Прыйшоў час стварыць новае, вось я гэта і зрабіў, новы малюнак пад мазаіку», — патлумачыў ён.
Мастак прапанаваў паглядзець і на іншыя вокны гэтага будынка: выявы ў іх таксама змяняюцца і абнаўляюцца.
Партрэт Караткевіча на гэтым месцы ўжо мянялі. Спачатку пісьменнік быў з двума маленькімі кацянятамі на руках. Гэтая выява ўпрыгожвала сцяну каля пяці гадоў.
У 2020‑м замест яе з’явіўся новы партрэт — усмешлівы Караткевіч з сабакам.