Эйсмант разлічвае, што на перамовах па Украіне спрацуюць беларускія карані Кушнера
Прэс-сакратарка Лукашэнкі заявіла, што паходжанне зяця Дональда Трампа Джарэда Кушнера можа «ўсяляць надзею».
Спецыяльныя пасланнікі ЗША Джарэд Кушнер (злева) і Стыў Уіткаф сядзяць па баках ад міністра замежных спраў Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў шэйха Абдулы бін Заіда Аль Нахаяна падчас трохбаковых перамоваў паміж Расіяй і Украінай пры пасярэдніцтве ЗША ў Абу-Дабі, 10 лістапада 2026 года. Фота: AP Photo / Altaf Qadri, Pool
Наталля Эйсмонт выказалася пра Кушнера ў інтэрв’ю расійскаму прапагандысту Паўлу Зарубіну для «Вестей».
«Мы даўно ведаем, што Кушнер родам з Беларусі. Ці можа гэта дапамагчы? Тут ніякіх ацэначных момантаў быць не можа. Але тое, што гэтыя людзі ўдзельнічаюць у працэсе, прынамсі можа надзею нам з вамі ўсяляць. Гэтыя людзі задзейнічаныя настолькі актыўна і настолькі глыбока, і мы, вядома, можам толькі разлічваць, што нашы беларускія карані спрацуюць», — заявіла яна.
Расійскія «Вести» пішуць, што ва ўсіх амерыканскіх прадстаўнікоў, якія ўдзельнічалі ў перамовах у Абу-Дабі, беларускія карані. У прыватнасці, спецпасланнік амерыканскага прэзідэнта Стывен Уіткаф, зяць Дональда Трампа Джарэд Кушнер і глаўкам аб'яднанымі УС НАТА ў Еўропе Алексус Грынкевіч маюць славянскія карані.
З Беларуссю Кушнера звязвае паходжанне яго сям’і. Яго бабуля і дзядуля — яўрэі з Навагрудчыны, якія перажылі Халакост. Бабуля ўцякла з Навагрудскага гета праз падземны ход і далучылася да партызанскага атрада братоў Бельскіх.
Беларускія карані мае і галоўнакамандуючы аб’яднанымі сіламі НАТА ў Еўропе Алексус Грынкевіч, які далучыўся да перамоў у Абу-Дабі. Яго прадзед Ілля Грынкевіч эміграваў з Мінска ў ЗША ў 1899 годзе. У Нью-Ёрку ён ажаніўся з ураджэнкай Вільні Настассяй Снігерэвіч.
Паходжанне спецпасланніка Трампа Стыва Уіткафа дзяржаўныя медыя спрабуюць таксама звязаць з Беларуссю. У лютым Белта апублікавала матэрыял пад назвай «Гродзенскія карані Стыва Уіткафа: генетычная памяць і што захоўваюць архіўныя фонды?».
У ім Белта звязвала з Гроднам бабулю Стыва Уіткафа Роўз Уіткаф, у дзявоцтве Розу Памеранец. У мясцовых архівах сапраўды сустракаецца прозвішча Памеранец. Аднак і БелТА адзначала: каб звязаць гэтыя дакументы з сям’ёй Уіткафа, патрэбныя дадатковыя звесткі.
Нягледзячы на гэта, матэрыял завяршаўся развагамі гродзенскага кандыдата гістарычных навук Аляксандра Арлукевіча пра тое, што Трамп выбірае моцных людзей, гістарычна звязаных з Беларуссю, і што «генетычная памяць» мае значэнне.
«Для выканання найважнейшых даручэнняў, адным з якіх, несумненна, з'яўляюцца расійска-амерыканскія перамовы, Трамп выбірае моцных, дасведчаных людзей, і так атрымліваецца, што гэтыя людзі звязаныя сваімі гістарычнымі каранямі з Беларуссю. Як кажа кіраўнік нашай дзяржавы, нашы людзі — са знакам якасці», — сказаў тады Арлукевіч.