БЕЛ Ł РУС

Акцёр з «Купалы» выклаў у вольны доступ ШІ-фільм, які прынёс яму 450 тысяч даляраў

15.11.2026 / 13:47

Nashaniva.com

Мікалай Шастак апублікаваў «Першы шчыры дзень» — гісторыю пра свет, у якім чалавечыя намеры пачынаюць адбівацца на тварах. Рэжысёрская версія доўжыцца 20 хвілін. Яе можна паглядзець па-англійску або з рускай агучкай, заўважыў канал «Священный Белавуд».

Кадр з фільма

Фільм даступны на ютубе. Паводле аўтара, рускую версію агучылі сапраўдныя акторы — іх галасы не згенераваныя штучным інтэлектам. Каб яе ўключыць, трэба выбраць у наладах відэа адпаведную аўдыядарожку.

Падзеі стужкі пачынаюцца адной раніцай у Нью-Ёрку. Па ўсім свеце ў людзей невытлумачальна змяняюцца твары. Тэлевядоўца выходзіць у эфір, каб паведаміць пра загадкавую з’яву, і сама пачынае змяняцца перад мільёнамі гледачоў. Паступова высвятляецца: справа не ў вірусе, а ў сапраўдных намерах людзей.

Шастак просіць гледачоў дзяліцца ўражаннямі і дапамагаць фільму знаходзіць аўдыторыю.

«Далей для мяне пачынаецца самае важнае — твае ўражанні. Рэцэнзія, кароткі водгук, думкі — важна ўсё. А калі фільм табе сапраўды спадабаўся — падзяліся ім. Рэпост, спасылка сябру, допіс у сябе. Фільм разыдзецца роўна настолькі, наколькі яго панясуць гледачы», — напісаў рэжысёр.

«Першы шчыры дзень» атрымаў Гран-пры Astana AI Film Festival у Казахстане і прыз у 450 тысяч даляраў. На фестываль падалі больш за восем тысяч работ са 125 краін.

Мікалай Шастак — акцёр і рэжысёр з Латвіі. Беларускаму гледачу ён найперш вядомы па галоўнай ролі ў «Купале». Стужка «Беларусьфільма» пра жыццё Янкі Купалы мусіла выйсці ў пракат у 2020 годзе, але з палітычных прычын яе паклалі на паліцу.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула