БЕЛ Ł РУС

Адна з самых масавых газет Расіі напісала пра «зняцце табу на ліквідацыю» Зяленскага

15.11.2026 / 14:22

Nashaniva.com

«Московский комсомолец» апублікаваў на галоўнай старонцы сцвярджэнне, што Пуціна нібыта пераканалі забіць кіраўніцтва Украіны. Газета спасылаецца на неназваныя тэлеграм-каналы. Як высветліла «Агенцтва», паведамленне пачало распаўсюджвацца з паста канала «Дневник разведчика», які спаслаўся на ананімныя крыніцы.

Фота: Kay Nietfeld / picture alliance via Getty Images

У суботу «Московский комсомолец», адна з самых масавых газет у Расіі, апублікавала нататку пра тое, што «Расія зняла негалосную забарону на ліквідацыю Зяленскага і ўсяго кіраўніцтва Генштаба УСУ». У матэрыяле са спасылкай на неназваныя тэлеграм-каналы паведамляецца, што прадстаўнікі сілавога блока нібыта пераканалі Уладзіміра Пуціна ў неабходнасці забіць кіраўніцтва Украіны, уключаючы Уладзіміра Зяленскага.

Аўтарка публікацыі каля 20 гадоў працуе ў аддзеле сілавых структур выдання, а сам матэрыял быў размешчаны на галоўнай старонцы газеты.

Нататка выйшла ў «МК» пад загалоўкам «Табу знята: на закрытай нарадзе Рады бяспекі прынялі рашэнне аб ліквідацыі Зяленскага».

У публікацыі гаворыцца, што рашэнне «аб магчымым зняцці табу на ліквідацыю Зяленскага і высокапастаўленых афіцэраў УСУ» нібыта «было прынятае па выніках закрытай нарады Рады бяспекі Расіі».

«Такім чынам, сілавікі прапанавалі перайсці да больш радыкальнага вырашэння пытання, а менавіта да знішчэння тых, хто аддае загады аб ударах па расійскіх аб'ектах», — гаворыцца ў нататцы.

Свае крыніцы інфармацыі выданне абазначае так: «Пра гэта ў пятніцу, 13 лістапада, напісалі некаторыя ваенныя каналы са спасылкай на ўласныя крыніцы, а таксама шэраг інтэрнэт-СМІ».

Аўтаркай нататкі пазначаная карэспандэнтка аддзела сілавых структур Дар'я Фядотава, якая працуе ў газеце з 2006 года. Спецыялізацыя журналісткі, як гаворыцца на сайце, — дзейнасць МНС, МУС, Генпракуратуры і іншых сілавых структур.

Яна ўзнагароджаная медалямі МНС, мае падзяку кіраўніка МУС і шэраг іншых ведамасных узнагарод. Фядотава асвятляла вядомыя судовыя працэсы, у тым ліку справы Кірыла Сярэбрэннікава, Аляксея Улюкаева і Аляксея Навальнага.

На гэтым тыдні за подпісам Фядотавай у «МК» таксама выйшла публікацыя пра тое, што Украіна нібыта «магла выпрабаваць атамную бомбу» пад Кіевам.

Раніцай у нядзелю матэрыял быў даступны на галоўнай старонцы выдання.

Паводле сэрвісу TgStat, першым пра тое, што «Рада бяспекі РФ запатрабаваў ліквідацыі вышэйшага ваеннага кіраўніцтва Украіны», у сераду ў 15:41 напісаў тэлеграм-канал «Дневник разведчика» (147 тысяч падпісчыкаў).

У пятніцу раніцай тэкст перадрукаваў канал «Академия» (3588 падпісчыкаў). У яго апісанні гаворыцца, што «Академия» — гэта трэніровачны цэнтр «ветэранаў спецпадраздзялення антытэрору «Альфа» Краснадара».

«Дневник разведчика» са спасылкай на «высокапастаўленыя крыніцы» назваў «каталізатарам гэтага дэмаршу генералітэту» «бесперапынныя налёты на балтыйскі экспартны вузел (найперш дзясяты па ліку ўдар па порце Усць-Луга)».

«Вайскоўцы даказалі першай асобе: змагацца з бясконцым роем капеечных дронаў бессэнсоўна — неабходна знішчаць сам ланцужок прыняцця рашэнняў», — гаворыцца ў допісе.

Пра абмеркаванне «зняцця табу на ліквідацыю Зяленскага» ў той жа дзень са спасылкай на «Академию» напісала выданне «Блокнот», заснаванае паліттэхнолагам і былым дэпутатам Дзярждумы Алегам Пахолкавым.

У суботу, ужо пасля «МК», падобную публікацыю выпусціла выданне EAdaily.

Публікацыя «МК» выклікала рэзананс ва ўкраінскіх СМІ. Сярод тых, хто напісаў пра гэта, былі «РБК-Украина», «24 канал», «Диалог.ua» і «Гордон.ua».

Паведамленні пракаментавалі некалькі буйных Z-блогаў. Канал «Два майора» (1,1 мільёна падпісчыкаў) напісаў, што «хацелася б верыць у гэтыя добрыя навіны».

Актрыса Яна Паплаўская (168 тысяч падпісчыкаў) напісала, што «так гэта ці не, пакажа толькі рэальнае знішчэнне».

Канал «Zлой Пруф» (604 тысячы падпісчыкаў) напісаў, што «тэма набалелая і вельмі актуальная», але «адна справа — балбатаць, перадрукоўваючы бульварныя газеткі, іншая — ліквідаваць».

На пачатку ўварвання ва Украіну паведамлялася пра спробы расійскіх спецслужбаў і вайскоўцаў забіць Зяленскага.

У сакавіку 2022 года тагачасны прэм'ер-міністр Ізраіля Нафталі Бенет, паводле яго слоў, атрымаў ад Пуціна абяцанне не забіваць прэзідэнта Украіны.

У чэрвені ўрадавая «Российская газета» апублікавала калонку ваеннага эксперта Юрыя Кнутава з прапановай ліквідаваць Зяленскага.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула