БЕЛ Ł РУС

«Лукашэнка ведае, што задумвае Пуцін, і вельмі гэтага баіцца». Чалы пра пагрозу новай вайны

15.11.2026 / 14:52

Nashaniva.com

Сяргей Чалы звяртае ўвагу на спешную вайсковую падрыхтоўку ў Беларусі. Лукашэнка спрабуе стрымаць Пуціна, але ўжо не можа заблакаваць рашэнні Масквы, сказаў Чалы ў інтэрв’ю «Радыё Свабода».

У інтэрв'ю праграме «Канапа» Радыё Свабода Чалы патлумачыў, чаму лічыць асабліва небяспечным перыяд з траўня да верасня 2027 году і як Лукашэнка спрабуе паўплываць на расейскага кіраўніка.

На думку Сяргея Чалага, апошнія паводзіны Лукашэнкі сведчаць пра тое, што той разумее небяспеку сітуацыі, у якой апынуўся.

«Ён дэманструе дзьве рэчы. Гэта жывёльны страх перад набліжэннем краху. А з другога боку, адначасова, як гэта заўсёды бывае, — моманты фаталізму. Вось гэтыя фразы пра тое, што я ж зрабіў усё, што мог. Дай Бог, не будзе вайны ці яшчэ чаго-небудзь. Гэта спроба апраўдацца перад гісторыяй», — кажа Чалы.

Аналітык перакананы, што Лукашэнка ведае пра магчымыя намеры Пуціна і вельмі іх баіцца. Пры гэтым Чалы звяртае ўвагу на прыкметы спешнай вайсковай падрыхтоўкі ў Беларусі.

«Мой базавы прагноз — гэта вельмі вялікая рызыка. Калі імавернасць нейкай пагрозы пачынае перавышаць умоўныя 30%, гэта азначае, што яе ўжо трэба разглядаць не як нешта, што, можа, абміне, а як працоўны варыянт, да якога трэба рыхтавацца. Таму што наступствы непадрыхтаванасці вельмі дорага каштуюць. Звярні ўвагу, як шмат з'яўляецца пацверджанняў таго, што яны спяшаюцца. Лукашэнка двойчы ездзіў на палігоны. Абодва разы ён расказваў пра дысцыпліну. Там ён казаў, што будуць кіркай дзяўбці мёрзлую зямлю, жыць у намётах, што яму трэба шэсць умацаваных раёнаў. Трэба паспець, пакуль растане. Навошта? Есць нейкі часавы гарызонт. Я б умоўна назваў яго: травень наступнага году — верасень наступнага году», — кажа Чалы.

Адной з найбольш небяспечных для Беларусі акалічнасцяў аналітык лічыць размяшчэнне расейскага ракетнага комплексу «Арэшнік».

«У яго быў адзін з такіх момантаў, калі ён адначасова спалохаўся, запанікаваў і прадэманстраваў фаталізм. Калі ён зразумеў, што размяшчэнне «Арэшнікаў» на беларускай тэрыторыі мае сэнс толькі як ядзерная зброя. Таму што сама па сабе яна недакладная. Але выпрабаванне было, гэта цвердапаліўная ракета, старая правераная тэхналогія, яна лётае. Пуцін упэўнены, што яна лётае і трапляе прыблізна куды трэба. З пункту гледжання тэатру ваенных дзеянняў гэта азначае, што гэтыя аб'екты на беларускай тэрыторыі будуць падаўляцца ў першую чаргу», — мяркуе аналітык.

Чалы таксама звяртае ўвагу на сцэнар вайсковых вучэнняў, які, паводле яго, прадугледжваў абарону па лініі Горадня — Скідзель — Слонім.

На пытанне, ці не можа гэта быць проста дэманстрацыяй для публікі, Чалы адказаў: «Занадта дорага для такой дэманстрацыі».

«Ён цяпер заклінальнік Пуціна»

Асобна Чалы патлумачыў, навошта Лукашэнка так часта сустракаецца з Пуціным і пра што яны могуць размаўляць гадзінамі.

«Ён цяпер заклінальнік Пуціна. Ведаеш, як бываюць заклінальнікі змей ці небяспечных жывёлаў. Маўляў, спакойна, спакойна. Ён цяпер вось гэтым займаецца. А якія ў яго іншыя варыянты? Сэнс у тым, што ён кажа: «Ну вы ж трымаеце сваё слова, праўда? Вы ж не будзеце гэтую нашу групоўку недзе выкарыстоўваць, праўда? Вы ж чалавек слова?» У надзеі, што той яму хаця б кіўне ці нешта такое», — кажа Чалы.

Пры гэтым аналітык не лічыць, што Лукашэнка мае магчымасць заблакаваць рашэнні Масквы.

На пытанне, ці будзе Пуцін раіцца з ім, калі вырашыць выкарыстаць Беларусь у новым ваенным сцэнары, Чалы адказаў адмоўна.

«Не. А які ў Лукашэнкі тут выбар? Вось уяві сабе, ён скажа: «А я супраць». А яму скажуць: «Ну, чувак, у гэтай сітуацыі ты здраднік саюзнай дзяржавы»».

Чалы лічыць, што Лукашэнка страціў магчымасць самастойна супрацьстаяць Маскве пасля падзей 2020—2021 гадоў.

«Я б сказаў, што арышт вагнераўцаў у 2020 годзе быў апошнім эмпірычным фактам, калі ён яшчэ мог дэманстраваць нейкую сваю суб'ектнасць у дачыненні да расейцаў. Цяпер такое цалкам немагчыма. Прыблізна з 2020—2021 гадоў».

На думку Чалага, Лукашэнка разумее гэтую залежнасць і спрабуе не дапусціць развіцця падзей, якія могуць паставіць пад пагрозу ягонае ўласнае становішча.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула