Амаль 400‑метровы пуцеправод паміж Каменнай Горкай і Лебядзіным абяцаюць адкрыць да канца года
Маставы пераход цераз чыгунку наўпрост звяжа Фрунзенскі і Цэнтральны раёны сталіцы ды дазволіць кіроўцам не аб’язджаць праз МКАД. Будоўля ўжо наблізілася да фіналу, аднак перад запускам руху канструкцыю яшчэ чакаюць складаныя выпрабаванні.
Эстакада злучыць вуліцы Калеснікава і Ціміразева і стане першым звяном трэцяга транспартнага кальца Мінска. Фота: «Мінск-Навіны»
Пра тое, на якім этапе знаходзіцца будаўніцтва, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны». Паводле слоў дырэктара генпадрадчыка — Мостабудаўнічага ўпраўлення (МБУ) № 2 «Мастабуда» Сяргея Рубчэні, агульная гатоўнасць аб’екта складае каля 95%, хаця яшчэ ў сярэдзіне лета яна не дасягала і паловы.
Даўжыня збудавання складае 381 метр. Яно налічвае 13 пралётаў, на якіх ужо змантажавалі ўсе 224 жалезабетонныя бэлькі. За выключэннем аднаго кароткага 18‑метровага пралёта, на астатніх выкарысталі бэлькі даўжынёй 33 метры і масай звыш 60 тон кожная. Апоры ўжо цалкам узведзеныя, бэлечныя перакрыцці выкладзеныя, а маставое палатно, якое будзе ўключаць выраўняльны пласт бетону і ахоўны пласт асфальтабетону, укладзенае больш чым напалову.
Фота: «Мінск-Навіны»
Зараз мостабудаўнікі працуюць на верхніх участках эстакады: кладуць асфальтабетонную сумесь і плітку, робяць гідраізаляцыю дарожнага палатна, мантажуюць парэнчавыя агароджы і асвятляльныя мачты. З 24 запраектаваных мачтаў засталося ўсталяваць пяць. На частцы пераходу ўжо ляжыць асфальт і нанесеная дарожная разметка.
Фота: «Мінск-Навіны»
Фота: «Мінск-Навіны»
Паводле слоў Сяргея Рубчэні, да канца лістапада на аб’екце закончаць усе маналітныя работы, а затым — асфальтабетонныя. Аднак адразу пасля гэтага транспарт на эстакаду не пусцяць: спачатку неабходна атрымаць усе дакументы на дазвол, усталяваць спецыяльныя датчыкі і правесці выпрабаванні з выкарыстаннем шматтоннай тэхнікі. Гэтую праверку плануюць правесці ў першай палове снежня, каб адкрыць рух да канца 2026 года.
Фота: «Мінск-Навіны»
На будаўніцтве задзейнічана каля 120 чалавек, якія працуюць кругласутачна, без выхадных і свят. У пікавыя дні колькасць работнікаў на пляцоўцы дасягала 160. Акрамя асноўнага мантажу, яны выконваюць увесь комплекс спадарожных работ, уключаючы аздабленне і афарбоўку канструкцый.
Фота: «Мінск-Навіны»
Падрыхтоўка будаўнічай пляцоўкі запатрабавала шмат часу праз вялікую колькасць інжынерных сетак, якія праходзілі ў межах забудовы і перасякаліся ў розных плоскасцях. Перад пачаткам узвядзення апор падрадчыку трэба было атрымаць дазволы ад эксплуатацыйных арганізацый, закупіць матэрыялы, выняць грунт, усталяваць новыя камунікацыі і зноў засыпаць іх. У выніку праект ахапіў як саму эстакаду, так і пераабсталяванне ліўневай каналізацыі, цеплатрасы, водазабеспячэння, кантактнай сеткі на чыгуначных рэйках і азеляненне прылеглай тэрыторыі.
Найбольш адказным этапам стаў пераход пуцеправода непасрэдна праз чыгунку. Як распавёў Сяргей Рубчэня, для працы днём і ноччу будаўнікам давалі «вокны» працягласцю ўсяго па дзве гадзіны, прычым гэтыя тэрміны рэгламентаваліся загадзя — за 70 дзён да пачатку мантажу.
Фота: «Мінск-Навіны»
Новыя з’езды і працяг трэцяга кальца
Адначасова з будаўніцтвам эстакады рэканструявалі прылеглую вулічна-дарожную сетку. На самім мосце прадугледжана па тры паласы для руху ў кожным кірунку. З боку вуліцы Ціміразева кіроўцы змогуць з’язджаць з пуцеправода і паварочваць як налева — у бок МКАД, так і направа — у цэнтр горада. З боку вуліцы Калеснікава аб’ём работ быў меншым: там з’езд падключылі да існай дарожнай сеткі і ўсталявалі святлафоры на найбліжэйшым скрыжаванні.
Гэтая эстакада стане першым злучальным звяном трэцяга транспартнага кальца Мінска і, як чакаецца, разгрузіць гарадскія вуліцы разам з МКАД. Наступным крокам павінна стаць будаўніцтва другога звяна кальца — яшчэ адной эстакады праз чыгунку, якая злучыць вуліцы Каржанеўскага і Чурлёніса. У МБУ № 2 «Мастабуда» ўжо заявілі, што гатовыя ўзяцца і за гэты аб’ект.