БЕЛ Ł РУС

Пяць краін Еўрасаюза адкрываюць у Руандзе першы афрыканскі лагер для дэпартаваных мігрантаў. Раней Брытанія страціла на падобнай схеме амаль мільярд даляраў, выслаўшы чатырох чалавек

15.11.2026 / 18:32

Nashaniva.com

Ініцыятыва стала магчымай пасля нядаўняй рэформы еўрапейскага заканадаўства, аднак у яе эфектыўнасці сумняваюцца нават частка лідараў саюза. Акрамя таго, самой Руандай з 1994 года нязменна кіруе дыктатар Поль Кагамэ, які знішчыў незалежныя медыя, жорстка душыць апазіцыю і пераследуе крытыкаў нават у эміграцыі.

Чарнаскурыя мігранты прыбываюць да берагоў Італіі. 2015 г. Фота: Wikimedia Commons

Пра стварэнне ў Цэнтральнай Афрыцы першага за межамі Еўрасаюза цэнтра для замежнікаў, якім адмовілі ў прытулку, У панядзелак 16 лістапада на сустрэчы ў Вене плануюць абвясціць урады Германіі, Аўстрыі, Даніі, Нідэрландаў і Грэцыі.

Пра тое, што пяць еўрапейскіх дзяржаў фіналізавалі пагадненне аб адпраўцы мігрантаў у спецыяльны дэпартацыйны хаб у Руандзе, паведаміла выданне Politico са спасылкай на тры крыніцы, знаёмыя з ходам перамоў.

Паводле звестак партала InfoMigrants, на пачатковым этапе гаворка ідзе пра пілотны праект, які разлічаны прыкладна на 100 чалавек — кожная з пяці краін-удзельніц адправіць у Кігалі каля 20 мігрантаў.

Цэнтр павінен запрацаваць у 2027 годзе, прычым пакуль застаецца невядомым, ці будзе для гэтага выкарыстаны комплекс Hope Hostel, які раней ужо аплачвала Вялікабрытанія.

Аўтары ініцыятывы падкрэсліваюць галоўнае адрозненне сваёй мадэлі ад брытанскай:

у Руанду збіраюцца высылаць не тых замежнікаў, чые прашэнні аб прытулку яшчэ разглядаюцца, а толькі тых, хто ўжо атрымаў канчатковую адмову, вычарпаў усе судовыя апеляцыі ў Еўропе і абавязаны пакінуць тэрыторыю Еўрасаюза.

У афрыканскім цэнтры яны будуць знаходзіцца да таго моманту, пакуль еўрапейскія структуры не арганізуюць іх выезд у краіны паходжання.

Як змянілі законы ЕС і якую ролю атрымае Frontex

Цяперашняе пагадненне стала магчымым дзякуючы маштабнаму перагляду міграцыйных правілаў ЕС. Як тлумачыць Deutsche Welle, раней еўрапейскія суды рэгулярна блакавалі спробы выслаць мігрантаў у трэція краіны, калі чалавек не меў з гэтай дзяржавай асабістай сувязі — напрыклад, сваякоў, ведання мовы або досведу ранейшага пражывання.

Аднак 16 кастрычніка 2026 года ўступіў у сілу новы Рэгламент ЕС аб вяртанні, які замяніў дырэктыву 2008 года і скасаваў патрабаванне аб папярэдняй сувязі з краінай прызначэння пры наяўнасці міждзяржаўнага пагаднення.

Новы дакумент таксама ўвёў адзіны еўрапейскі ордар на вяртанне: рашэнне аб дэпартацыі, прынятае адной краінай саюза, цяпер аўтаматычна дзейнічае ва ўсіх астатніх без паўторнага разгляду справы.

Акрамя таго, рэгламент наўпрост дазволіў ствараць за межамі ЕС «хабы вяртання», за выключэннем размяшчэння там непаўналетніх без суправаджэння дарослых.

Міністр міграцыі Грэцыі Танас Плеўрыс у інтэрв’ю тэлеканалу ANT1 удакладніў, што цэнтр плануецца запусціць у другой палове 2027 года — акурат да моманту, калі Афіны пяроймуць старшынства ў Савеце ЕС. Паводле слоў міністра, гэта будуць не закрытыя турмы, а «адкрытыя ўстановы». Каб пазбегнуць судовых пазоваў аб парушэнні правоў чалавека, пяць еўрапейскіх краін будуць самастойна фінансаваць праект і фармальна пакінуць юрыдычную адказнасць за перамешчаных людзей за сабой, а да маніторынгу плануюць прыцягнуць структуры ААН і Міжнародную арганізацыю па міграцыі.

Паралельна Еўракамісія прапанавала пашырыць паўнамоцтвы пагранічнага агенцтва Frontex, стварыўшы пры ім Каардынацыйны цэнтр вяртання. Калі рэформу зацвердзяць, агенцтва зможа арганізоўваць дэпартацыйныя рэйсы не толькі з Еўропы, але і наўпрост з адной трэцяй краіны ў іншую — напрыклад, з хаба ў Руандзе на радзіму мігранта.

Чатыры добраахвотнікі за 966 мільёнаў даляраў: досвед папярэднікаў

Гатэль Hope Hostel у сталіцы Руанды Кігалі, які раней рыхтавалі для прыёму дэпартаваных з Вялікабрытаніі мігрантаў. Фота: Гугл Карты

Як адзначае газета The New York Times, усе ранейшыя спробы заходніх урадаў перанесці міграцыйныя працэдуры за мяжу заканчваліся судовымі блакаваннямі і шматмільённымі стратамі.

Найбольш паказальным стаў брытанскі праект 2022—2024 гадоў, ініцыяваны кансерватыўнымі кабінетамі Борыса Джонсана і Рышы Сунака. Лондан планаваў прымусова адпраўляць у Руанду нелегальных мігрантаў, якія пераплывалі Ла-Манш, каб іх прашэнні разглядаліся ўжо ў Афрыцы. У 2023 годзе Вярхоўны суд Вялікабрытаніі прызнаў гэтую схему незаконнай праз рэальную рызыку таго, што Кігалі будзе высылаць уцекачоў назад у небяспечныя для іх жыцця краіны.

Да моманту, калі ў 2024 годзе лейбарысцкі ўрад Кіра Стармера канчаткова закрыў праграму, брытанскія падаткаплацельшчыкі паспелі выдаткаваць на яе 715 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў — гэта каля 835 мільёнаў еўра, ці 966 мільёнаў даляраў. За ўвесь час па гэтай схеме ў Руанду выехалі толькі чатыры чалавекі, прычым добраахвотна і за грашовую выплату.

Падобныя цяжкасці напаткалі і Італію, якая ў 2024 годзе пры прэм’ер-міністры Джорджы Мелоні пабудавала два лагеры ў Албаніі для паскоранага разгляду спраў мігрантаў, перахопленых у Міжземным моры. Італьянскія суды адразу заблакавалі гэтую практыку, пастанавіўшы, што такія краіны паходжання, як Егіпет ці Бангладэш, нельга аўтаматычна лічыць бяспечнымі для ўсіх катэгорый грамадзян.

У выніку з сакавіка 2025 года Рым перапрафіляваў адзін з албанскіх цэнтраў у мястэчку Г’ядэр выключна пад ізалятар для мужчын, якім ужо адмовілі ў прытулку ў Італіі. За паўтара года праз яго прайшлі толькі каля 500 чалавек, тады як агульны кошт албанскага праекта да 2028 года ацэньваецца ў суму звыш 670 мільёнаў еўра, або 775 мільёнаў даляраў.

Уласны досвед мае і Данія: у 2021 годзе Капенгаген прыняў закон аб высылцы шукальнікаў прытулку за межы Еўропы і падпісаў мемарандум з Руандай, але ў пачатку 2023 года замарозіў перамовы пад ціскам Еўракамісіі, пасля чаго вырашыў дзейнічаць у кааліцыі з іншымі краінамі ЕС. А яшчэ раней, у 2013—2018 гадах, паводле непублічных дамоўленасцей тысячы выхадцаў з Эрытрэі і Судана ў Руанду і Уганду адпраўляў Ізраіль, пакуль праграму часткова не спыніў ізраільскі Вярхоўны суд пасля справаздач праваабаронцаў пра тое, што высланыя людзі заставаліся ў Афрыцы без легальнага статусу і дакументаў.

«Міграцыйная дыпламатыя» Поля Кагамэ

Нягледзячы на сціплы маштаб пілотнага праекта, урады пяці краін разглядаюць яго як пачатак больш шырокай сістэмы. Міністр міграцыі Даніі Мортэн Бёдскаў заявіў, што Еўропе «проста патрэбны спосаб хутка выправаджваць людзей, якія не маюць законных падстаў заставацца тут». А ў кааліцыйным пагадненні новага ўрада Нідэрландаў, падпісаным у студзені 2026 года, канчатковай мэтай наўпрост названы поўны вынас падачы і разгляду заявак на прытулак за межы Еўропы, каб ніводная такая працэдура больш не праводзілася на нідэрландскай тэрыторыі.

Унутры самога Еўрасаюза гэты падыход выклікае спрэчкі. Супраць вынасу міграцыйных цэнтраў за мяжу раней выступалі Іспанія і Францыя. Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон сёлета скептычна ацаніў падобныя ініцыятывы: «Я ніколі не бачыў цэнтра вяртання ў трэцяй краіне, які б рэальна працаваў». Кіраўнік міграцыйнай праграмы аналітычнага Еўрапейскага палітычнага цэнтра Альберта-Горст Найдгарт лічыць, што высылка некалькіх дзясяткаў ці сотняў чалавек не вырашыць праблему, але служыць для палітыкаў інструментам «палітычнага сігналізавання» выбаршчыкам на фоне росту папулярнасці ультраправых партый.

Праваабарончыя арганізацыі ў сваю чаргу папярэджваюць пра прававы вакуум, у якім рызыкуюць апынуцца высланыя людзі, калі краіны паходжання адмовяцца прымаць іх назад.

Дырэктарка еўрапейскага офіса Amnesty International Іў Гедзі у заяве арганізацыі назвала будучыя цэнтры «жорсткімі чорнымі дзіркамі ў сферы правоў чалавека».

Кіраўнік нідэрландскай арганізацыі дапамогі ўцекачам Vluchtelingenwerk Шурд Вармердам адзначыў, што нават міграцыйная служба саміх Нідэрландаў не лічыць Руанду бяспечнай трэцяй краінай, а незалежны маніторынг там «практычна немагчымы».

Даследчыца Human Rights Watch па Афрыцы Клеманціна дэ Манжуа нагадала пра жорсткае здушэнне іншадумства ў Руандзе, а еўрадэпутатка ад Нідэрландаў Ана Строленберг, якая нядаўна наведала Кігалі, звярнула ўвагу на тое, што мясцовыя ўлады гатовыя пагаджацца на любыя прапановы еўрапейцаў без належных гарантый бяспекі.

Эксперты таксама ўказваюць на геапалітычную цану пагаднення. Паводле слоў прафесаркі глабальнай палітыкі Манчэстэрскага ўніверсітэта Тоні Гааструп, для прэзідэнта Руанды Поля Кагамэ такія ўгоды з Захадам і ЗША з’яўляюцца спосабам умацавання міжнароднага статусу і рычагом уплыву на Еўрасаюз.

Ужо ў верасні 2025 года Еўрапарламент заклікаў Еўракамісію перагледзець фінансавую дапамогу руандыйскім дзяржаўным інстытутам праз катаванні, адвольныя затрыманні і ваенную падтрымку паўстанцкай групоўкі М23 у суседняй Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга. Аднак залежнасць еўрапейскіх урадаў ад міграцыйнага супрацоўніцтва з Кігалі, як адзначаюць аналітыкі, зробіць любую крытыку на адрас руандыйскіх уладаў значна больш складанай.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула