Вэнс вырашыць пасля Новага года, ці пойдзе ў прэзідэнты
Ён сапраўды пакуль не вырашыў і абмяркоўвае пытанне з сям'ёй.
Джэй Дзі Вэнс. Фота: Matt Rourke-Pool/Getty Images
Віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс прыме канчатковае рашэнне наконт удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах 2028 года толькі пасля Новага года. Публічна абвясціць пра свае планы ён можа толькі ў канцы вясны, паведамляе Axios.
Паводле звестак суразмоўцаў выдання, Вэнс сапраўды яшчэ не вырашыў, ці будзе балатавацца, і абмяркоўвае гэта са сваёй сям'ёй, у тым ліку з жонкай Ушай пасля нараджэння іх чацвёртага дзіцяці. Як адзначаюць крыніцы, такі графік прыняцця рашэння склаўся яшчэ да прамежкавых выбараў.
Яшчэ адна прычына — Трамп. У камандзе Вэнса асцерагаюцца, што занадта ранні старт выбарчай кампаніі адцягне ўвагу ад дзейнага прэзідэнта і можа выклікаць у яго раздражненне.
Вэнс застаецца галоўным прэтэндэнтам на вылучэнне кандыдатам ад рэспубліканцаў.
Яго саюзнікі звяртаюць увагу на сетку донараў, палітычную інфраструктуру і пазнавальнасць. Ён стаў сузаснавальнікам сеткі Rockbridge, якая можа стаць асновай яго кампаніі па зборы сродкаў, а таксама мае сувязі з Пітэрам Тылем, Дэвідам Саксам і Іланам Маскам.
Аднак параза рэспубліканцаў на прамежкавых выбарах дала аргументы тым, хто хоча адысці ад палітычнага курсу Трампа. Акрамя таго, Вэнсу, верагодна, давядзецца адказваць за дзеянні цяперашняй адміністрацыі.