З Янам Памедорам Рэўцкім развіталіся ў Варшаве
У нядзелю беларуская дыяспара развіталася са стваральнікам суполкі ў фэйсбуку «Беларусы ў Варшаве» Сяргеем Пархацем, вядомым як Ян Памедор Рэўцкі. Ягонае цела крэміруюць, а прах пасля даставяць на радзіму, піша «Белсат».
Цырымонія прайшла ў Варшаве, дзе жыў Сяргей Пархаць. Сябры прыйшлі ў Беларускую кавярню на вул. Kobielska, 75. Было некалькі дзясяткаў чалавек. Прысутныя пакідалі запіскі са словамі памяці, запалілі свечкі, дзяліліся ўспамінамі.
Урну з прахам Памедора Рэўцкага перавязуць у Беларусь, дзе адбудзецца пахаванне ў коле блізкай сям’і.
Нагадаем, пра смерць Сяргея Пархаця сталася вядома 20 кастрычніка, яму было 50 гадоў. Прычыны смерці не называліся.
Вядома, што 10 кастрычніка мужчына раптам абвясціў, што прадае суполку. На пытанне аб прычынах адказаў: «Абставіны майго жыцця вам невядомыя». 12 кастрычніка пісаў, што шукае працу.
Сяброўка прамаўляе падчас цырымоніі развітання
Ягоны сябар і калега Яўген Скрабутан паведамляў, што польская паліцыя працягвае вывучаць абставіны смерці, прычыну назавуць толькі сваякам памерлага — усе яны жывуць у Беларусі.
Сяргей Пархаць (Ян Памедор Рэўцкі) — былы журналіст «Музыкальнай газеты», які пераехаў з Беларусі ў Польшчу яшчэ ў 2012 годзе. Найбольш вядомы ён як стваральнік суполкі «Беларусы ў Варшаве» на Facebook, якая аб'яднала звыш 28 тысячаў чалавек.
Апошнім часам ён працаваў барыста ў варшаўскіх кавярнях Kakao і Temperatura. Акрамя таго, займаўся валанцёрствам і падтрымліваў беларускую супольнасць.
Прамаўляе журналіст «Белсата» Яраслаў Сцешык
На пахаванне Пархаця беларусы сабралі каля 6800 еўра.
Памятны значок для ўдзельнікаў цырымоніі развітання