Ва Украіне 14‑гадовая школьніца нарадзіла ад 60‑гадовага мужчыны. Яна кажа, што ён добры бацька, і прасіла не караць яго
Школьніца нарадзіла ад 60‑гадовага мужчыны дачку і жыве разам з ім. У судзе яна заявіла, што ён клапоціцца пра іх і ўтрымлівае сям’ю. Пракурор таксама прасіў умоўнага пакарання, але суд прызначыў два гады абмежавання волі, то-бок «хіміі».
Ілюстрацыйны здымак. Фота: vecteezy.com
У Жытомірскай вобласці 60‑гадовага мужчыну асудзілі на абмежаванне волі за інтымныя адносіны з 14‑гадовай школьніцай, піша ТСН.
Падзеі разгортваліся летам 2025 года ў Звягелі. 60‑гадовы мужчына, які дакладна ведаў, што яго знаёмай споўнілася толькі 14 гадоў, на працягу чэрвеня — жніўня 2025 года неаднаразова ўступаў з ёй у палавыя адносіны з яе добраахвотнай згоды.
Дзяўчына зацяжарала і 13 сакавіка 2026 года нарадзіла дачку. Мужчына прызнаў бацькоўства, падаўшы адпаведную заяву ў орган дзяржаўнай рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану. Пара таксама спрабавала зарэгістраваць шлюб, аднак ім адмовілі, паколькі дзяўчына не дасягнула шлюбнага ўзросту.
На момант судовага разбору 60‑гадовы абвінавачаны, непаўналетняя дзяўчына і іх агульнае нованароджанае дзіця жылі разам у адным доме. Мужчына цалкам утрымліваў сям'ю за кошт вядзення хатняй гаспадаркі.
Пазіцыі бакоў у судзе і разгляд пагаднення
На судовым пасяджэнні абвінавачаны цалкам прызнаў сваю віну, шчыра раскаяўся і пералічыў 5000 грыўняў (каля 100 еўра) на патрэбы Узброеных сіл Украіны.
Як сама непаўналетняя пацярпелая, так і яе законны прадстаўнік і пракурор прасілі суд не пазбаўляць мужчыну волі. Яны прапаноўвалі прызначыць яму пяць гадоў пазбаўлення волі з вызваленнем ад адбывання пакарання і выпрабавальным тэрмінам на адзін год.
Дзяўчына заявіла ў судзе, што «абвінавачаны — добры бацька, клапоціцца пра яе і іх агульную дачку, яны жывуць адной сям'ёй. Яна адзначыла, што прымірылася з абвінавачаным, які цалкам кампенсаваў нанесеную шкоду, пацярпелая і іх дачка знаходзяцца на поўным грашовым утрыманні абвінавачанага».
Прысуд
Нягледзячы на просьбы пацярпелай і пракурора пра ўмоўнае пакаранне, суд вырашыў, што вызваленне ад адбывання пакарання немагчымае.
Ацэньваючы абставіны справы, суд падкрэсліў выключную амаральнасць і цынічнасць дзеянняў 60‑гадовага мужчыны ў дачыненні да 14‑гадовага дзіцяці, патэнцыйную шкоду нармальнаму псіхічнаму і фізічнаму развіццю дзяўчыны, а таксама вялікую розніцу ва ўзросце.
Суд прызнаў мужчыну вінаватым і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе двух гадоў абмежавання волі.