БЕЛ Ł РУС

Дачакалася з войска і паехала з ім у рэйс. Пад Старымі Дарогамі загінула маладая пара з Бабруйска

16.11.2026 / 11:38

Nashaniva.com

21‑гадовы Назар вярнуўся з войска ўсяго за тры тыдні да аварыі. Яны з 19‑гадовай Валерыяй пачалі жыць разам, збіраліся пажаніцца і паехаць на мора. У апошні рэйс дзяўчына адправілася з ім, бо не хацела пакідаць аднаго ў далёкай дарозе. Іх пахаваюць побач.

Назар і Валерыя Осіпава загінулі раніцай 14 лістапада ў Старадарожскім раёне. Іх мікрааўтобус Mercedes, які ехаў у бок Бабруйска, сутыкнуўся лоб у лоб з грузавіком той жа маркі. Загінуў таксама 54‑гадовы кіроўца грузавіка.

Пра маладых людзей маці Валерыі Юлія Осіпава расказала Komkur.info.

Пра смерць дачкі яна даведалася ад следчага.

«Патэлефанаваў следчы і спытаў: «Валерыя Осіпава — ваша дачка?» Кажу, так. Ён: «Здарылася няшчасце. У Старых Дарогах яны з хлопцам разбіліся». Я сказала, што гэта няпраўда, і кінула слухаўку. Потым ужо брат праверыў інфармацыю, і мы паехалі туды», — расказала жанчына.

З месца аварыі родныя накіраваліся ў Слуцк, куды прывезлі целы загінулых.

Назар і Лера пазнаёміліся два гады таму, незадоўга да яго прызыву на тэрміновую службу. Служыў хлопец у Бабруйску.

«Усе гэтыя паўтара года Лера яго цярпліва чакала, кожны дзень насіла «смачненькае», лічыла дні да дэмбеля», — успамінае маці.

Назар дэмабілізаваўся 24 кастрычніка. Пара пачала жыць разам.

Хлопец уладкаваўся кіроўцам на Wildberries і купіў сабе аўтамабіль.

Валерыя, паводле маці, зарабляла з 14 гадоў. Яна скончыла курсы нарошчвання павек, а пазней адкрыла ўласны касметычны кабінет.

«Так хацела хутчэй стаць самастойнай», — кажа Юлія.

У апошнюю паездку пара выправілася ў пятніцу, 13 лістапада. Загрузіліся ў Бабруйску, паехалі ў Слуцк. Там зрабілі два рэйсы, а пад раніцу рушылі дадому.

«Лера паехала, бо не хацела пакідаць Назара аднаго ў далёкай дарозе. Вельмі кахала. Збіраліся пажаніцца і паехаць на мора. Як балюча ўсведамляць, што ўсё ў адзін момант абарвалася…» — расказала маці.

Развітанне з Назаром і Валерыяй пройдзе ў Бабруйску 17 лістапада.

Маладых людзей пахаваюць на могілках побач.

Чытайце таксама:

Дэталі аварыі на Міншчыне, дзе загінулі трое: 21‑гадовага кіроўцу пазбавілі правоў — але рашэнне не паспела ўступіць у сілу

Каментары да артыкула