Цэны на нерухомасць пайшлі ўніз. Прычым не толькі ў Мінску
Да сярэдзіны лістапада кватэры пастаянна даражэлі цягам некалькіх гадоў.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: тэлеграм-канал Унутраных войскаў Беларусі
Што адбываецца ў сталіцы?
Кастрычнік стаў адным з найгоршых месяцаў 2026 года па колькасці здзелак. Па папярэдніх падліках, іх было каля 1140. Гэта прыкладна на 5% менш, чым у верасні, і на 25% менш за кастрычнік мінулага года. Менш здзелак сёлета было толькі ў студзені, які традыцыйна з'яўляецца самым сціплым месяцам продажаў.
Пасля $2605 піку па прапановах сярэдні кошт метра ў Мінску пачаў зніжацца.
Скрыншот: realt.by
Да 15 лістапада цана метра ў сталіцы па прапановах апусцілася да $2580 за метр. Да гэтага з верасня цэны па прапановах зніжаліся выключна ў «Мінск-Свеце».
А ў абласных цэнтрах?
Кастрычнік і лістапад сталі пераломнымі не толькі для сталіцы. Колькасць здзелак у мінулым месяцы ў дачыненні да верасня скарацілася ва ўсіх пяці абласных цэнтрах. Менш за ўсё ў Віцебску — на 4%, а больш за ўсё ў Гомелі — на 17%.
Цэны прапаноў таксама пачалі прасядаць.
У Брэсце, самым дарагім абласным цэнтры, цэны прапаноў за два тыдні зменшыліся з $1464 да $1447.
Скрыншот: realt.by
У Гродне прасяданне прапаноў — з $1296 да $1293 за метр, у Гомелі — з $1173 да $1165, у Магілеве — з $1172 да $1168.
У Віцебску, які з'яўляецца самым танным сярод абласных цэнтраў, сярэдні кошт прапанаванага метра ў лістападзе знізіўся з $1107 да $1091.
Скрыншот: realt.by
Што гэта можа азначаць для рынку?
Адметна, што цяперашняя карэкцыя цэн адбываецца пры стабільным курсе валют і без пагаршэння ўмоў крэдытавання. Гэта можа ўказваць на тое, што перманентны рост цэн на нерухомасць, які назіраўся ў Беларусі ў апошнія гады, спыніўся.
Пры гэтым эксперты рынку нерухомасці не прагназуюць абвалу, бо для гэтага няма аб'ектыўных прычын. Але няма прычын і для далейшага росту, бо цэны ўжо не адзін месяц запар абнаўлялі гістарычныя рэкорды. Што да колькасці прапаноў, то яна паступова падрастае, але рост пакуль надта слабы, каб пачаць адчувальна ўплываць на цэны.
З іншага боку, сітуацыя, якая склалася, можа падштурхнуць інвестараў як мага хутчэй выставіць кватэру на продаж, пакуль цэны знаходзяцца на піку, а гэта, у сваю чаргу, можа паўплываць на зніжэнне сярэдняй цаны метра.