Пад Уроцлавам знайшлі магілу аднаго з пачынальнікаў Слуцкага паўстання. Пасля вайны ён схаваўся ў Сілезіі і выдаваў сябе за матэматыка са Львова
Антон Бочка быў не толькі слуцкім паўстанцам і афіцэрам дзвюх войнаў, але і бацькам знакамітага лонданскага святара і асветніка Аляксандра Надсана. Толькі сёлета ў вёсцы Будзаў удалося адшукаць сляды чалавека, які пасля 1945 года бясследна знік для сваёй сям'і.
Магіла Антона Бочкі ў вёсцы Будзаў і яго партрэт 1930‑х гг. Фота: Уладзіслаў Гарбацкі / «Новы Час» / belisrael.info. Якасць партрэтнага фота палепшана з дапамогай ШІ
Пра знаходку ў польскай Сілезіі паведаміў пісьменнік і даследчык Уладзіслаў Гарбацкі ў выданні «Новы Час».
У лістападзе 2026 года, пасля безвыніковых спроб звязацца з мясцовымі ўладамі праз электронную пошту, даследчык асабіста выправіўся ў вёску Будзаў (Budzów) у гміне Сташавіцы Замбкавіцкага павета Ніжнесілезскага ваяводства.
Адзінай зачэпкай быў ліст з архіва Беларускай бібліятэкі і музея імя Францыска Скарыны ў Лондане, якую дзесяцігоддзямі ўзначальваў айцец Аляксандр Надсан. У 1970 годзе Антон Бочка напісаў з Будзава сваёй былой жонцы Ганне, цікавячыся яе лёсам і лёсам іх сына Шуры — менавіта так у сям'і называлі будучага святара.
Імаверна, гэты ліст патрапіў у лонданскую Скарынаўку пазней разам з дакументамі і фотаздымкамі маці, перададзенымі з Беларусі, бо пасля Другой сусветнай вайны сын са сваімі бацькамі больш ніколі не бачыўся.
Магіла Антона Бочкі ў польскай вёсцы Будзаў. Фота: Уладзіслаў Гарбацкі / «Новы Час»
Ад царскага прапаршчыка да арышту за сінія штаны
Антон Бочка, чыё прозвішча ў дакументах часам запісвалі як Бачко, быў постаццю з надзвычай шчыльнай біяграфіяй, якая доўгі час заставалася вядомай толькі вузкаму колу гісторыкаў. Паводле дакументаў Расійскага дзяржаўнага ваенна-гістарычнага архіва, выпіску з якіх апублікаваў даследчык Ігар Барынаў, Антон Феадосьевіч Бочка нарадзіўся 26 чэрвеня 1889 года ў праваслаўнай сялянскай сям'і Мінскай губерні. Першапачаткова ён выбраў мірную прафесію і скончыў Віленскі настаўніцкі інстытут, але Першая сусветная вайна змяніла гэтыя планы.
Пры абвяшчэнні мабілізацыі 21 ліпеня 1914 года Слуцкі павятовы вайсковы начальнік прызваў маладога настаўніка ў армію і накіраваў у Баравіцкі чыгуначны харчовы склад. У маі 1915 года яго адкамандзіравалі ў Віленскае пяхотнае вучылішча. Скончыўшы паскораны чатырохмесячны курс па першым разрадзе, 1 кастрычніка 1915 года Бочка атрымаў чын прапаршчыка і накіраванне ў Казанскую ваенную акругу, дзе трапіў у 126‑ы пяхотны запасны батальён у Екацярынбургу.
Ужо ў лістападзе 1915 года ён быў пераведзены ў дзейную армію — малодшым афіцэрам у 14‑ю роту 104‑га пяхотнага Усцюжскага палка. На фронце былы настаўнік праявіў сябе адважным вайскоўцам. У лютым 1916 года яго ўзнагародзілі ордэнам Святой Ганны 4‑й ступені з надпісам «За храбрасць». 24 траўня 1916 года ў баі каля вёскі Язловец у Галіцыі прапаршчык атрымаў кулявое раненне ў правае перадплечча з пераломам локцевай косці. За гэтыя баі ў чэрвені яму надалі ордэн Святога Станіслава 3‑й ступені з мячамі і бантам, а ў верасні павысілі да падпаручніка.
На фронт Бочка вярнуўся толькі ў снежні 1916 года. Увесну 1917‑га ён часова выконваў абавязкі палкавога ад'ютанта, а ў траўні ўзначаліў каманду пешых разведчыкаў. У верасні 1917 года афіцэр атрымаў сваю трэцюю ўзнагароду — ордэн Святой Ганны 3‑й ступені з мячамі і бантам.
Пасля службу ў корпусным судзе 2‑га армейскага корпуса ў якасці прысяжнага засядацеля, 22 снежня 1917 года ён быў звольнены ў запас як настаўнік і вярнуўся на радзіму.
На Случчыне пры бальшавіках афіцэр паспеў адседзець суткі пад арыштам у былым клубе камуністаў па Шасэйнай вуліцы — толькі за тое, што насіў сінія афіцэрскія штаны з чырвоным кантам.
«Знаем мы гэтую куртулю — нагайкаю па спіне!»
У лістападзе 1944 года, знаходзячыся ў Берліне, Антон Бочка напісаў грунтоўныя ўспаміны пра сваю ролю ў падзеях восені 1920 года, якія пазней увайшлі ў зборнік дакументаў «Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах», укладзены гісторыкамі Аляксандрай Гесь, Уладзімірам Ляхоўскім і Уладзімірам Міхнюком. Гэты тэкст пазбаўлены пафасу і напоўнены жывымі, часам іранічнымі дэталямі тагачаснага жыцця.
Бочка прыгадваў, як у жніўні 1920 года палякі адбілі бальшавікоў з-пад Варшавы і занялі Слуцк, прасунуўшыся на 14 кіламетраў за раку Вясею. У горад тады з'ехалася шмат мясцовай інтэлігенцыі, пераважна настаўнікаў і былых афіцэраў ваеннага часу. Спярша памешчыкі пачалі агітаваць сялян падпісваць петыцыі да Юзафа Пілсудскага, каб Случчыну пакінулі ў складзе Польшчы.
Бочка апісваў камічны выпадак у сяле Сярэднікі Раманаўскай воласці, дзе нейкі пан Гурскі ўзлез на стол і горача прамаўляў пра выгоды, якія беларусы атрымаюць ад Польшчы, ужыўшы фразу: «Польшча нясе вам заходнюю культуру».
На гэта мясцовы дзядзька Сцяпан выняў люльку з рота, сплюнуў убок і сказаў: «Знаем мы гэтую куртулю — нагайкаю па спіне! Хадзем, хлопцы, няма чаго слухаць».
Як адзначаў мемуарыст, сяляне добра памяталі, як палякі пры немцах пускалі ў ход нагайкі.
Неўзабаве польскі штабны капітан, які кватараваў у Бочкі ў Слуцку, па сакрэце паведаміў гаспадару, што паводле Рыжскай дамовы польскае войска пакіне горад, а мяжа пройдзе за 40 кіламетраў на захад. Гэтая навіна выклікала шок, пачаліся стыхійныя сходы ў яўрэйскіх заездах і на кватэрах, дзе вырашалі, як не дапусціць вяртання бальшавікоў.
1 лістапада 1920 года адбыўся гарадскі сход беларусаў Слуцка, які ў сваіх пазнейшых мемуарах Бочка праз даўнасць гадоў часткова зліў у адну падзею са З'ездам Случчыны, што праходзіў 14—15 лістапада.
У тыя дні афіцэр цяжка хварэў на «іспанку», у яго моцна балелі вушы. Аднак паплечнікі прыйшлі да яго дадому, літаральна сцягнулі з ложка, абвязалі галаву хусткай і павялі на сход. Калі пачаліся выбары камітэта, згорбленага і завязанага хусткай Бочку выпхнулі на сцэну перад публікай. Зала пасмяялася і пажартавала з ягонага выгляду, але ў склад камітэта абрала.
Разам з доктарам Арсенам Паўлюкевічам (якога Бочка іранічна называў «Керанскім у мініяцюры»), капітанам Анастасам Анцыповічам і паручнікам Іванам Мацэлем ён увайшоў у так званую «вайсковую тройку», якая занялася арганізацыяй беларускай міліцыі і запісам добраахвотнікаў.
У дакументах следчай справы старшыні Рады Случчыны Уладзіміра Пракулевіча ў ГПУ за 1930 год згадваецца, што напярэдадні паўстання Бочка разам з Паўлюкевічам і капітанам Антонам Самусевічам належаў да групы, якая найбольш настойліва патрабавала пачаць узброеную барацьбу і разлічвала на супрацоўніцтва з генералам Станіславам Булак-Балаховічам ды дапамогу польскіх вайскоўцаў. Пракулевіч на допытах увогуле выказваў падазрэнне, што Бочка мог быць інфарматарам польскай разведкі — ІІ аддзела Генеральнага штаба, аднак сам афіцэр ва ўспамінах апісваў свае стасункі з палякамі зусім інакш.
Польская дапамога
Паводле ўспамінаў Бочкі, калі сфармаваная Слуцкая брыгада адышла ў Семежава, а затым у нейтральную зону каля Грыцэвічаў, галоўнай праблемай стала катастрафічная нястача зброі, хоць сялянскія хлопцы рваліся ў бой і казалі: «Хоць з каламі, ды хадзем».
Польскія вайскоўцы, якіх аўтар характарызаваў як двудушных, шмат абяцалі, але нічога не давалі. Нарэшце яны вызначылі мястэчка Ганцавічы як пункт перадачы ўзбраення.
Разгром Слуцкай брыгады 19—28 снежня 1920 года. Фота: Wikimedia Commons
Бочка выправіўся туды разам са штабс-капітанам Антонам Самусевічам. Палякі прынялі дэлегатаў вельмі ветліва, але выдалі толькі некалькі соцень старых вінтовак і два паламаныя кулямёты. Калі афіцэры вярнуліся ў Заастравечча, куды перамясцілася брыгада, у войску ўжо панаваў заняпад духу.
Неўзабаве паўстанцы былі вымушаныя перайсці раку Лань і здаць зброю палякам, але для Бочкі змаганне на гэтым не скончылася.
Да канца сакавіка 1921 года ён лячыў ускладненні пасля «іспанкі» за Ляхавічамі, а потым прыехаў у Клецк і даведаўся, што ў Нясвіжы на Броварнай вуліцы размясцілася галоўная кватэра антыбальшавіцкай партызанскай арганізацыі «Зялёны дуб» («зялёнай арміі»). Там ён сустрэўся са сваім старым знаёмым капітанам Самусевічам, а таксама з начальнікам штаба «зялёнадубцаў» Уладзімірам Ксяневічам, які дзейнічаў пад псеўданімам Грач. Неўзабаве палякі запатрабавалі ад штаба паўстанцаў прыслаць афіцэра для сувязі з ІІ аддзелам (дэфензівай) у Слонім. Выбар упаў на Бочку.
Аднак у Слоніме беларускі афіцэр хутка зразумеў, што ён там ніякі не прадстаўнік для сувязі, а фактычны закладнік: палякі пасялілі яго ў гатэлі і паставілі кругласутачную варту. Толькі праз два месяцы Бочку ўдалося выбрацца са Слоніма, пасля чаго ён асеў у Клецку, уладкаваўшыся настаўнікам у мясцовую рускую гімназію.
Паводле ягоных слоў, вылазкі «зялёных» на савецкі бок працягваліся да 1923 года. Афіцэр згадваў, што самы дзейсны партызан са Случчыны, ураджэнец сяла Прусы, за галаву якога бальшавікі прызначылі вялікую ўзнагароду і які часта начаваў у самога Бочкі, быў застрэлены здраднікам у патыліцу пры пераходзе мяжы каля сяла Колкі.
Жыццё ў Гарадзеі і эміграцыя пад чужым мінулым
У Клецку ў перыяд паміж 1920 і 1924 гадамі Антон Бочка пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Ганнай Давыдавай, якая таксама выкладала ў прыватнай сярэдняй школе. Пасля 1923 года, калі партызанскі рух пачаў заціхаць, а польскія ўлады закрылі рускія школы (пра беларускія, як пісаў мемуарыст, не выпадала і згадваць), ён пераехаў у мястэчка Гарадзея і ўладкаваўся ў польскую школу. У 1924 годзе Антон і Ганна пабраліся царкоўным шлюбам, а 8 жніўня 1926 года ў іх нарадзіўся сын Аляксандр.
Антон Бочка з вучнямі 4‑га класа школы ў Гарадзеі, 1936—1937 гады. Фота з калекцыі краязнаўцы Аляксандра Абрамовіча / belisrael.info
У міжваеннай Гарадзеі Бочка вёў жыццё звычайнага настаўніка. Як сведчаць матэрыялы краязнаўцы Аляксандра Абрамовіча, у мясцовай школе разам вучыліся беларускія, польскія і яўрэйскія дзеці. Захаваўся фотаздымак 1936—1937 навучальнага года, на якім Антон Бочка пазіруе са сваімі вучнямі чацвёртага класа.
Як складваліся стасункі ў самой сям'і Бочкаў, дакладна невядома — пазней айцец Аляксандр Надсан пакінуў вельмі цьмяныя згадкі пра сваё дзяцінства.
Падчас нямецкай акупацыі, у 1944 годзе, 55‑гадовы настаўнік і ветэран дзвюх войнаў зноў апрануў мундзір, стаўшы афіцэрам Беларускай краёвай абароны.
Менавіта ў статусе вайскоўца напрыканцы лістапада 1944 года ён знаходзіўся ў Берліне, дзе на запыт Галоўнага кіраўніцтва вайсковых спраў Беларускай цэнтральнай рады напісаў свае ўспаміны пра Слуцкае паўстанне — дакумент быў афіцыйна зарэгістраваны ў канцылярыі БЦР 7 снежня 1944 года.
Тады Бочка нават выказаў ідэю стварыць адмысловую камісію з удзельнікаў паўстання для напісання падрабязнай манаграфіі, пакуль жывыя сведкі тых падзей.
Касцёл Святога Лаўрэнція ў вёсцы Будзаў, каля якога знаходзяцца мясцовыя могілкі. Фота: Jacek Halicki / Wikimedia Commons
Пасля разгрому Германіі вяртацца ў БССР афіцэру Беларускай краёвай абароны і слуцкаму паўстанцу было раўназначна смерці. Ён вырашыў схавацца на новых заходніх землях Польшчы — у Ніжняй Сілезіі, якая толькі што адышла ад Германіі і масава засялялася перасяленцамі з усходніх крэсаў. Ён асеў у вёсцы Будзаў пад Уроцлавам.
Як высветліў Уладзіслаў Гарбацкі падчас паездкі ў Будзаў, мясцовыя жыхары дагэтуль добра памятаюць «пана Антонія» — высокага, прыстойнага мужчыну, які сваім ростам і паставай вельмі нагадваў свайго сына Аляксандра. Цяперашняя ўладальніца ягонага дома пані Марыя ў дзяцінстве хадзіла да яго на дадатковыя заняткі: у вёсцы Бочка быў вядомы найперш як выдатны матэматык і рэпетытар, які дапамагаў мясцовым дзецям падцягнуць веды (пазней матэматычную адукацыю ў Лондане атрымае і ягоны сын).
Аднак пра сваё беларускае паходжанне, удзел у Слуцкім паўстанні і тым больш службу ў БКА пан Антоній нікому не расказваў. Верагодна, з меркаванняў бяспекі ён выдаваў сябе за перасяленца са Львова — прынамсі, менавіта гэты горад адклаўся ў памяці ягоных суседзяў.
З першай жонкай Ганнай, якая засталася ў савецкай Беларусі, ён больш не жыў. У Будзаве Бочка трымаўся адасоблена, як самотны пан. Па гаспадарцы яму дапамагала мясцовая жанчына Паўліна — яна гатавала ежу, прыбірала і даглядала дом, але заўсёды трымала дыстанцыю і лічыла сябе толькі служкай. Паводле ўспамінаў суседзяў, Паўліна была вельмі набожнай каталічкай, а сам Антон у Бога «не верыў».
Перад самай смерцю ў 1973 годзе, ужо знаходзячыся на смяротным ложы, 84‑гадовы Антон Бочка афіцыйна аформіў шлюб са сваёй хатняй гаспадыняй. Як тлумачаць мясцовыя жыхары, зрабіў ён гэта выключна з удзячнасці і практычных меркаванняў: каб пасля ягонай смерці жанчына не засталася на вуліцы і змагла атрымаць у спадчыну дом. Так Паўліна стала «пані Бачковай».
Магіла Паўліны Бочкі, апошняй жонкі Антона, у польскай вёсцы Будзаў. Фота: Уладзіслаў Гарбацкі / «Новы Час»
Тое, што гэты шлюб быў фармальным крокам, пацвердзілася пазней: калі Паўліна памерла, яна не захацела быць пахаванай побач са сваім «мужам». Магіла самога Антона Бочкі на сельскіх могілках у Будзаве захавалася да нашых дзён.