Беларус знайшоў падпрацоўку ў інтэрнэце — купіць тавар у краме і прывезці яго ў Польшчу
Зарабіў крымінальную справу.
Польскія мытнікі ў пункце пропуску Тарэспаль знайшлі ў аўтамабілі беларуса больш за сем кілаграмаў тытуню. Высветлілася, што ён выконваў заказ незнаёмца з інтэрнэту, а ў Польшчы збіраўся адправіць пасылку праз паштамат, піша Most.
Мытнікі вырашылі накіраваць легкавы аўтамабіль мужчыны на дэталёвы агляд. Падчас праверкі ў падлозе машыны яны выявілі 7,2 кілаграма тытуню для кальяна.
Кіроўца патлумачыў, што адгукнуўся на аб’яву ў месенджары, у якой прапаноўвалі перавезці тытунь з Беларусі ў ЕС за ўзнагароджанне. Мужчына самастойна набыў тавар у краме ў Брэсце, пасля чаго выправіўся ў Польшчу.
Пасля прыбыцця ён павінен быў адправіць пасылку з тытунём праз паштамат, скарыстаўшыся атрыманым кодам адпраўкі. Як патлумачыў мужчына, ён не ведаў ні атрымальніка, ні канчатковага пункта прызначэння пасылкі. Аплату за кантрабанду ён таксама павінен быў атрымаць праз паштамат.
У дачыненні да беларуса распачалі крымінальную справу, а незаконна ўвезены тытунь канфіскавалі ў якасці доказу.