У Белавежскай пушчы знайшлі лімонна-жоўты грыб, які расце на мёртвых дрэвах
У Белавежскай пушчы выявілі тры новыя месцы, дзе расце адзін з самых рэдкіх грыбоў Еўропы — антрадыела лімонна-жоўтая (Antrodiella citrinella). Гэты незвычайны грыб знаходзіцца пад пагрозай знікнення і ўнесены ў Міжнародную Чырвоную кнігу, піша Smartpress.by.
Антрадыелу лёгка не заўважыць на старым дрэве, бо яе памер складае ўсяго ад 1 да 7 сантыметраў. Грыб вылучаецца яркім лімонна-жоўтым колерам са светлай аблямоўкай па краях.
Часам антрадыела выглядае як жоўтая скарынка на драўніне, а часам утварае невялікія капялюшыкі. З ніжняга боку ў іх шмат драбнюткіх пораў.
Гэты грыб вельмі патрабавальны да ўмоў пражывання. Яму патрэбныя старыя лясы, дзе шмат паваленых і гнілых дрэў. Часцей за ўсё антрадыела расце на мёртвай драўніне іглічных парод. Прычым выбірае не любы ствол, а той, на якім ужо пасяліўся іншы грыб — трутавік аблямаваны.
Такія ўмовы сустракаюцца ўсё радзей, патлумачылі навукоўцы. Калі старыя дрэвы высякаюць, а паваленыя ствалы прыбіраюць з лесу, антрадыела губляе прыдатнае месца для жыцця.
У міжнародным Чырвоным спісе гэты від мае статус EN. Гэта азначае вельмі высокую рызыку знікнення ў дзікай прыродзе.
Антрадыела дапамагае навукоўцам вызначаць, наколькі добра захаваўся натуральны лес. Калі грыб тут расце, гэта сведчыць пра тое, што на гэтым участку ёсць старыя дрэвы, мёртвая драўніна і спрыяльныя ўмовы для рэдкіх відаў.
Выяўленне адразу трох новых месцаў росту спецыялісты нацыянальнага парку лічаць пацвярджэннем таго, што ў Белавежскай пушчы захаваліся такія лясныя ўчасткі.
Каб захаваць адзін рэдкі грыб, недастаткова проста абнесці яго плотам.