БЕЛ Ł РУС

З’явіліся спадарожнікавыя здымкі пашкоджанняў Крымскага моста пасля ўкраінскай атакі

16.11.2026 / 16:19

Nashaniva.com

На спадарожнікавых здымках пасля ранішняй атакі — два пашкоджаныя ўчасткі аўтамабільнай дарогі і дэфармаваная арка. Расійскія ўлады прызналі пашкоджанні, але іх маштаб не раскрываюць.

На апублікаваных выявах заўважныя пашкоджаныя ўчасткі дарогі каля арачнага пралёта і элементы самой аркі. Дарожнае палатно пашкоджанае ў двух месцах, а арка дэфармаваная.

Тэлеграм-канал «Крымский ветер» паведамляў, што пасля ўдару арка аўтамабільнага моста змяніла нахіл. У сеціве з'явіліся фота з заўважным нахілам аркі. 

Крымскі мост. Фатаграфіі пашкоджанняў, зробленыя з зямлі, апублікаваў канал Supernova+

Расійскі віцэ-прэм’ер Марат Хуснулін заявіў, што спецыялісты ацэньваюць стан пераправы.

«Праводзім ацэнку пашкоджанняў Крымскага моста. Найбліжэйшым часам будзем разумець тэрміны поўнага аднаўлення. Досвед і ўсе неабходныя рэсурсы для вырашэння гэтай задачы ў нас ёсць», — сказаў ён.

Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў назваў пашкоджанні «нязначнымі».

Пра ўдар па мосце расійскія ўлады паведамілі раніцай 16 лістапада. Аўтамабільны рух перакрылі.

Паводле Мінтранса Расіі, цяпер на аўтамабільнай частцы ідуць аднаўленчыя работы. Чыгуначнае злучэнне, як сцвярджае ведамства, працуе ў штатным рэжыме.

Украіна афіцыйна ўдар не каментавала.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула