БЕЛ Ł РУС

У Крамлі заявілі, што будуць далей ваяваць дзеля «міру на стагоддзі»

16.11.2026 / 17:18

Nashaniva.com

Крэмль не пагаджаецца на часовае спыненне агню ва Украіне, бо гэта дало б украінскаму боку магчымасць аднавіцца пасля шкоды, нанесенай расійскім войскам. Пра гэта заявіў прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў.

Дзмітрый Пяскоў і Уладзімір Пуцін. Фота: Contributor / Getty Images

«Мы не дамо кіеўскаму рэжыму кроку, які дазволіў бы яму залячыць раны, сур’ёзныя раны, якія мы яму наносім», — сказаў ён, адказваючы 16 лістапада на пытанні журналістаў.

Па словах Пяскова, Масква праз перамовы імкнецца дасягнуць доўгатэрміновага міру. Ён падкрэсліў, што Расія не хоча часовага перамір’я, а разлічвае на мірнае пагадненне, якое забяспечыць стабільнасць на многія гады і нават стагоддзі. Таму, заявіў прадстаўнік Крамля, вайна цяпер працягваецца, а перамоўны працэс павінен у выніку прывесці да такога міру.

Пяскоў таксама адзначыў, што мірнае ўрэгуляванне, з пункту гледжання Масквы, патрабуе працяглага часу і складаецца з вялікай колькасці дэталяў, кожная з якіх мае значэнне. Паводле яго слоў, праца над гэтым працягваецца.

Каментуючы начную атаку Украіны на Крымскі мост, прадстаўнік Крамля заявіў, што пераправа атрымала «нязначныя пашкоджанні». Спецыялісты, паводле яго слоў, працягваюць ацэньваць іх маштаб, але рух па мосце не спынены.

Раней выданне Mash сцвярджала, што пасля ўдару беспілотніка па правай арцы моста з боку Крыма канструкцыя візуальна адхілілася прыкладна на 15 градусаў. Улады анексаванага Крыма папярэджвалі пра абмежаванне руху транспарту па пераправе прыблізна да сярэдзіны дня.

Нягледзячы на ўдар па мосце і заяву Міністэрства абароны Расіі пра рэкордную колькасць збітых за ноч украінскіх беспілотнікаў, Пяскоў назваў працу расійскай сістэмы супрацьпаветранай абароны эфектыўнай. Ён прызнаў, што ніводная сістэма ў свеце не можа цалкам гарантаваць абарону ад масаваных удараў па розных аб’ектах, але заявіў, што эфектыўнасць расійскай СПА нібыта застаецца вельмі высокай. Таксама ён пахваліў працу расійскіх вайскоўцаў і разлікаў супрацьпаветранай абароны.

Чытайце таксама:

З’явіліся спадарожнікавыя здымкі пашкоджанняў Крымскага моста пасля ўкраінскай атакі

УСУ ўдарылі па Крымскім мосце. Рух транспарту спынены

Чангарскі мост разбураны — важны лагістычны маршрут расійскіх войскаў атрымаў новыя пашкоджанні

Каментары да артыкула