Па справе абразы доктаркай жанчыны з інваліднасцю на яе працы праводзяць праверку
Днямі стала вядома, што з папулярнай блогеркі Паліны Кенько, якая мае інваліднасць, у інтэрнэце груба пакпіла доктарка Наталля Папкова, якая працуе ў хуткай дапамозе ў Мінску. Прытым прадметам яе кпінаў была акурат інваліднасць жанчыны. Выданне «Люстэрка» патэлефанавала на працу Папковай і даведалася, ці збіраюцца там неяк рэагаваць на яе дзеянні.
Блогерка Паліна Кенько. Фота з яе інстаграма
Намеснік галоўнага доктара Аляксандр Дубаневіч паведаміў, што на станцыі праводзяць праверку ў сувязі з лістом Паліны Кенько, які да іх паступіў. Ён запэўніў, што адпаведныя меры будуць прынятыя. На пытанне, ці стане рэакцыя кіраўніцтва публічнай, ён пацікавіўся, якой менавіта рэакцыі чакае суразмоўца.
Журналістка «Люстэрка» прапанавала вынесці доктарцы вымову або хаця б правесці з ёй размову. У адказ намеснік галоўнага доктара заўважыў, што вымова тычыцца прафесійнай дзейнасці і рэгулюецца Працоўным кодэксам.
Доктарка Наталля Папкова. Фота з яе інстаграма
Суразмоўца таксама заклікала правесці з супрацоўніцай тлумачальную працу і дамагчыся ад яе прабачэння перад дзяўчынай. Паводле журналісткі, казаць чалавеку з інваліднасцю, што ў яе не будзе дзяцей, — неэтычна.
Дубаневіч на гэта адказаў, што не можа гаварыць за іншага чалавека, дадаўшы, што ў гэтай гісторыі яшчэ не ўсе абставіны да канца высветленыя.