46‑гадовага мінскага псіхолага і бізнэс-трэнера пасадзілі па палітычнай справе
Сяргей Валодзька шмат гадоў займаўся арганізацыяй адукацыйных мерапрыемстваў у Мінску, вёў трэнінгі і папулярныя блогі пра псіхалогію. А нядаўна яго асудзілі па палітычным артыкуле.
Сяргей Валодзька. Фота з ягонай старонкі ў інстаграме
Сяргею Валодзьку 46 гадоў. Ён з Віцебскай вобласці, а апошнія гады жыў у Бараўлянах пад Мінскам. Як мінімум з 2011 года мужчына займаўся арганізацыяй адукацыйных і бізнэс-мерапрыемстваў у сталіцы — быў дырэктарам праекта «Трэнінг Клуб», а ў 2017 годзе заснаваў і ўзначаліў кампанію «Эд'ютэйн».
Апошнім часам Сяргей пазіцыянаваў сябе як псіхолаг-практык і коўч, стварыў закрытую супольнасць CLUB 90901 для дасягнення мэтаў, вёў праграмы «Мужчынскае кола» і «30 дзён для сябе». Ён актыўна развіваў свае сацсеткі — ягоны TikTok сабраў каля 6 тысяч падпісчыкаў, а некаторыя ролікі набіралі па паўмільёна праглядаў.
Невядома, калі дакладна арыштавалі мужчыну, але яшчэ ў сярэдзіне лютага 2026 года ён пакідаў паведамленні ў прафесійных чатах у тэлеграме.
Цяпер стала вядома, што ў дачыненні да Сяргея Валодзькі ўступіў у законную сілу прысуд паводле артыкула 361 Крымінальнага кодэкса Беларусі («заклікі да санкцый ці іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы»).
Дакладны тэрмін пакарання невядомы, але звязаны з пазбаўленнем волі.