БЕЛ Ł РУС

Беёнсэ стала першай артысткай, якую намінавалі на «Грэмі» 100 разоў

16.11.2026 / 22:32

Nashaniva.com

Амерыканская спявачка Беёнсэ стала першай артысткай у гісторыі музычнай прэміі «Грэмі», якая атрымала 100 намінацый. Юбілейны паказчык быў зафіксаваны падчас абвяшчэння намінантаў на 69‑ю цырымонію ўручэння ўзнагарод, паведамляе Variety.

Беёнсэ. Фота: AP Photo / Chris Pizzello, File

Спявачку намінавалі ў катэгорыі «Найлепшае сольнае R&B-выкананне» за песню Morning Dew (Donk), выпушчаную ў ліпені 2026 года.

Беёнсэ ўжо неаднойчы ставіла рэкорды «Грэмі». У 2023 годзе яна стала найбольш узнагароджанай артысткай за ўсю гісторыю прэміі, давёўшы колькасць сваіх перамог да 32. Тады спявачка атрымала чатыры статуэткі, у тым ліку за найлепшы танцавальны або электронны альбом — Renaissance.

Да гэтага рэкорд належаў венгерска-брытанскаму дырыжору Георгу Шолці, які меў 31 узнагароду «Грэмі». Ён паставіў яго ў 1997 годзе, калі апошні раз атрымаў статуэтку ў намінацыі «Найлепшы запіс оперы». У тым жа годзе 84‑гадовы Шолці памёр.

У лютым 2025 года Беёнсэ ўпершыню атрымала галоўную ўзнагароду цырымоніі — «Альбом года» — за пласцінку Cowboy Carter. Яна стала чацвёртай чарнаскурай сольнай выканаўцай, якая атрымала гэтую ўзнагароду.

У 2024 годзе Беёнсэ таксама стала рэкардсменкай па колькасці намінацый за адну цырымонію ў гісторыі «Грэмі»: за альбом Cowboy Carter яна атрымала 11 намінацый, апярэдзіўшы свайго мужа, рэпера Jay-Z.

Гэты альбом перамог у катэгорыі «Найлепшы кантры-альбом», а сумесная песня Беёнсэ і Майлі Сайрус II Most Wanted атрымала ўзнагароду за найлепшае кантры-выкананне дуэтам або групай.

Усяго за кар’еру Беёнсэ атрымала 35 узнагарод «Грэмі» і застаецца найбольш узнагароджанай артысткай у гісторыі прэміі.

Чытайце таксама:

Амерыканская спявачка Беёнсэ ўвайшла ў клуб мільярдэраў

Пажарныя Лос-Анджэлеса абвясцілі са сцэны пра перамогу Беёнсэ на «Грэмі»

Сабрына Карпентэр атрымала «Грэмі» за найлепшы поп-альбом, Беёнсё перамагла ў галоўнай намінацыі

Гурт Раяна Гослінга выпусціць новыя песні праз 17 гадоў перапынку

Каментары да артыкула